23 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Конкурс на дэпутацкае крэсла ад Віцебскай вобласці складзе больш за тры кандыдаты на месца. У рэгіёне завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання, і ва ўсіх 14 акругах выбары пройдуць на альтэрнатыўнай аснове, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Леанід Дарафеенка. На пасяджэннях акруговых выбарчых камісій, якія ў вобласці паўсюдна прайшлі 22 жніўня, пасведчанні аб рэгістрацыі былі ўручаны 48 кандыдатам з 61 прэтэндэнта. З ліку зарэгістраваных кандыдатаў прадстаўнікамі партый з'яўляюцца 28 грамадзян: ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі змагацца на выбарах будуць 11 членаў, ад Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" - пяцёра, ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі - трое, ад партыі БНФ - чацвёра, ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці - трое, ад КПБ і партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" - па адным. Асноўнай прычынай адмовы ў рэгістрацыі стала ўказанне недаставернай інфармацыі ў дэкларацыях аб даходах, ёсць адмовы з-за парушэнняў па падпісных лістах. Агітацыйная кампанія стартуе сёння і працягнецца да 22 верасня ўключна.-0-

БЕЛТА