9 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Добрыя адзнакі дзяцей, добрасумленная праца бацькоў і цёплыя сямейныя адносіны стануць галоўнымі крытэрыямі пры вызначэнні лепшай шматдзетнай сям'і Віцебска. Рашэнне аб правядзенні штогадовага гарадскога агляду-конкурсу "Лепшая шматдзетная сям'я" прынята Віцебскім гарвыканкамам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама.
Галоўная мэта конкурсу - павысіць прэстыж і аўтарытэт шматдзетнай сям'і, умацаваць духоўныя і маральныя асновы, узнавіць і прапагандаваць сямейныя каштоўнасці і традыцыі. Для вызначэння лепшых будзе створаны арганізацыйны камітэт і журы, склады якіх таксама штогод будуць зацвярджацца распараджэннем старшыні гарвыканкама. У адпаведнасці з палажэннем, у аглядзе-конкурсе маюць права прымаць удзел поўныя шматдзетныя сем'і, зарэгістраваныя і пражываючыя на тэрыторыі Віцебска. Сярод крытэрыяў ацэнкі арганізатары называюць станоўчыя водгукі аб бацьках на працы, іх удзел у грамадскім жыцці, а вось для дзяцей - добрая паспяховасць з адзнакамі не ніжэй "шасцёркі" і паводзіны. Улічвацца будуць таксама ўмовы выхавання і навучання дзяцей. Арганізацыйны камітэт будзе вызначаць і намінацыі, у якіх шматдзетныя сем'і змогуць найбольш поўна раскрыцца праз розныя конкурсныя формы. Пераможцаў чакаюць грашовыя прызы і каштоўныя падарункі. Ім будзе даверана прадстаўляць горад у абласным аглядзе-конкурсе. Конкурс будзе праводзіцца ў красавіку напярэдадні Дня сям'і.
У Віцебску больш за 1 тысячу сем'яў маюць статус шматдзетных. У гэтых сем'ях выхоўваецца 3,3 тыс. дзяцей. Паводле даных упраўлення, за першае паўгоддзе бягучага года ў горадзе адрасную сацыяльную дапамогу атрымалі 119 шматдзетных сем'яў.
БЕЛТА
Конкурс на найлепшую шматдзетную сям'ю стане ў Віцебску штогадовым
9.8.20120 праглядаў