Напярэдадні Дня горада па традыцыі быў праведзены конкурс на самы прыгожы і добраўпарадкаваны дом.
Напярэдадні Дня горада па традыцыі быў праведзены конкурс на самы прыгожы і добраўпарадкаваны дом.
За апошнія гады ў плане добраўпарадкавання, навядзення і падтрымання парадку ў горадзе робіцца шмат. Многія гаспадары стараюцца зрабіць свой дом адметным, не падобным на астатнія. Прынамсі, прыкладаюць намаганні, каб у ім было зручна і камфортна жыць.
Аб'ехалі некалькі вуліц у розных кварталах, сфатаграфавалі больш за дзесяць дамоў. Бачылі канструкцыі традыцыйныя і арыгінальныя, рознакаляровыя кветнікі і класічныя — роўна падкошаныя газоны. І паўсюды былі бачныя працавітыя рукі дбайных гаспадароў.
Сярод дамоў, дзе жывуць пенсіянеры, самая прыгожая пабудова Кацярыны Касцюковіч (вуліца Чырвонаармейская, 14). Жанчына ў свой час перажыла і вытрымала ліхалецце ваенных часоў, прайшла праз фашысцкія канцлагеры. Нарадзіла і выгадавала трох сыноў. Цяпер жыве адна, але дзеці і ўнукі яе не забываюць. Яе дом стаіць на беразе возера Лепельскае. Каб грунт не ссоўваўся, з каменя выклалі чатыры тэрасы, на якіх цяпер месціцца акуратны агародзік і парнік. Жанчына вырошчвае памідоры, агуркі, вішні і кветкі.
Старую пабудову капітальна адрамантавалі, цяпер у гэтай прыгажосці цяжка пазнаць драўляны будынак, у якім з-пад сцен гуляў вецер. Дом мае ўсе сучасныя выгоды. Кацярына Васільеўна кажа, што цяпер толькі жыць і жыць.
Дом Аляксандра і Вольгі Хейлікаў стаіць у завулку Ясеніна, 41. Не так даўно іх сям'я стала шматдзетнай, у 13-гадовай Дашы і 10-гадовай Насці з'явіўся малодшы брацік Саша.
Сям'я мае высокі прасторны дом, дзе хапае месца кожнаму, можна запрасіць у госці сяброў. У двары і перад сядзібай наведзены чысціня і парадак. Трава акуратна падкошана, дошкі і іншыя патрэбныя матэрыялы ахайна складзены на сваіх месцах. А пры ўваходзе гасцей сустракаюць анёлы на слупах брамы.
Усё зроблена дбайнымі рукамі Аляксандра. Ён распавёў, як манціраваў шкляныя ўваходныя дзверы. Набыў іх у Віцебску — так атрымалася танней, устанавіў і адрэгуляваў сам.
Дом з баварскім дызайнам на вуліцы ІІ Савецкая. Калі бачыш яго, міжволі ловіш сябе на думцы, што знаходзішся дзесьці на поўдні Германіі, а з дзвярэй зараз павінен выйсці бюргер, які запросіць пакаштаваць свежага піва.