31 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску гатова да прыёму дакументаў на выдачу дазволаў на мясцовы памежны рух жыхарамі памежных тэрыторый Беларусі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла кіраўнік консульства Латвіі ў Віцебску Дагнія Лацэ-Атэ. У адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый ад 23 жніўня 2010 года консульскія ўстановы пачнуць прыём дакументаў на выдачу дазволаў з 1 лютага бягучага года. У консульства Латвіі ў Віцебску ўжо паступілі спісы жыхароў памежных тэрыторый Віцебскай вобласці, якія пажадалі скарыстацца магчымасцю мясцовага памежнага руху. Спісы сфарміраваны мясцовымі сельскімі, пасялковымі і гарадскімі выканкамамі на падставе заяў грамадзян. З беларускага боку ў іх увайшло каля 200 чалавек, з латвійскага - прыкладна 4 тыс. чалавек. Як патлумачыла Дагнія Лацэ-Атэ, латышскі спіс большы, бо да тэрыторыі, жыхары якой могуць скарыстацца правам спрошчанага перасячэння мяжы, адносяцца такія буйныя гарады, як Даўгаўпілс і Краслава. Варта адзначыць, што гэтыя пералікі не канчатковыя. Грамадзяне могуць падаваць заявы па меры неабходнасці, і кожныя тры месяцы спісы будуць абнаўляцца. Наступны будзе сфарміраваны да 1 красавіка, а прыём заяў на выдачу дазволаў ужо па абноўленых спісах консульства пачне з 1 мая, дадала Дагнія Лацэ-Атэ. Падставай для выдачы дазволу могуць служыць наведванне сваякоў, арганізацыя або ўдзел у культурных, адукацыйных, навуковых і спартыўных мерапрыемствах, якія праводзяцца органамі ўлады і ўстановамі Беларусі і Латвіі, валоданне нерухомасцю, наведванне месцаў пахавання сваякоў, атрыманне медыцынскай дапамогі, удзел у мерапрыемствах, звязаных з мясцовымі традыцыямі і правядзеннем рэлігійных абрадаў, рэгулярныя бізнес-кантакты. Для атрымання дазволу неабходна прадставіць у консульства пашпарт, патрабаванні да яго такія ж, як і пры выдачы віз: ён павінен быць не старэйшы за дзесяць гадоў, быць сапраўдным не менш чым тры месяцы пасля заканчэння тэрміну дзеяння дазволу, і анкету на атрыманне дазволу. Яе можна запоўніць непасрэдна ў консульстве, а можна надрукаваць з сайта http://www.mfa.gov.lv/by/belarus/konsulate/ і прадставіць ужо запоўненую.