20 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Кантрабандысты ў Браслаўскім раёне мелі намер пераправіць цыгарэты па замерзлай Заходняй Дзвіне. У ноч з 19 на 20 лютага полацкімі памежнікамі была спынена чарговая спроба незаконнага перамяшчэння праз мяжу тавараў падакцызнай групы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік начальніка Полацкага пагранічнага атрада па рабоце са СМІ Дзяніс Глебко. У Браслаўскім раёне недалёка ад дзяржаўнай мяжы былі затрыманы двое грамадзян Беларусі і жыхар Латвіі. Яны мелі намер пераправіць 2 скрынкі цыгарэт "НЗ" (1000 пачкаў) з беларускімі акцызнымі маркамі. Беларусы прыбылі да мяжы пешшу, загадзя замаскаваўшы цыгарэты ў снезе, а грамадзянін Латвіі перасёк лінію мяжы па лёдзе праз замерзлую Заходнюю Дзвіну. Ажыццявіць задуманую аперацыю злачыннаму трыа перашкодзіў памежны нарад. У момант, калі пара беларусаў адкопвала са снегу цыгарэты, а жыхар Латвіі набліжаўся да іх, каб перанесці тавар праз раку, яны былі заўважаны і затрыманы. Па дадзеным факце вядзецца разбіральніцтва. Цыгарэты перададзены супрацоўнікам мытні. Па словах Дзяніса Глебко, грамадзянін Латвіі будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за незаконнае парушэнне дзяржмяжы, яму трэба будзе выплаціць штраф у памеры да 50 базавых велічынь (цяпер базавая велічыня складае Br35 тыс.), затым ён будзе дэпартаваны на радзіму. Грамадзяне Беларусі будуць прыцягнуты да адказнасці за парушэнне памежнага рэжыму, ім пагражае штраф да 20 базавых велічынь. Акрамя таго, усім траім трэба будзе несці адказнасць за спробу незаконнага перамяшчэння праз мяжу тавараў падакцызнай групы.-0-

БЕЛТА