27 лютага, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. У беларускім заканадаўстве плануюцца змены, згодна з якімі кантракты на долькавую будоўлю жылля ў Беларусі будуць заключацца на ўмовах нязменнага кошту і жорсткіх тэрмінаў будаўніцтва. Пра гэта паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цяпер праект указа, які датычыцца долькавай будоўлі, разгледжаны зацікаўленымі бакамі і перададзены на ўзгадненне ў Камітэт дзяржкантролю.

"Мы прапісваем падыходы, зараз абмяркоўваем гэтае пытанне, каб быў нязменны кантрактны кошт. І я настойваю на тым, каб тэрмін, які прадугледжаны ў дагаворы, можна было працягнуць толькі адзін раз і не больш чым на 6 гадоў. Калі забудоўшчык не выконвае свае нарматыўныя тэрміны і абавязацельствы па забудове гэтага аб'екта, то наступную забудову ён будзе ажыццяўляць за ўласныя сродкі, не прыцягваючы дольнікаў да гэтых праблемных пытанняў", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Прапісваецца, як будуць разглядацца ў судовых органах спрэчныя пытанні. "Мы павінны выключыць або мінімізаваць удзел у гэтым мясцовых органаў улады, таму што дагавор дзвюх бакоў павінен разглядацца ў першую чаргу ў судзе", - дадаў Анатоль Калінін.

Новым указам прадугледжана абавязковая наяўнасць такой формы дагавора, у якой будуць прапісаны дакладныя ўзаемаадносіны бакоў. "У папярэднім варыянце больш былі прапісаны абавязкі дольніка, у меншай ступені - абавязкі самога забудоўшчыка. Гэта заўсёды ўносіла спрэчку, блытаніну", - растлумачыў віцэ-прэм'ер. Прадугледжаны і іншыя інавацыйныя падыходы.

Аналагічныя ўмовы па нязменным кантрактным кошце і тэрміне будаўніцтва будуць дзейнічаць і ў дачыненні да жылля, якое будуецца на аснове дзяржзаказу. Падрыхтаваны праект указа аб дзяржзаказе, які знаходзіцца ў Камітэце дзяржкантролю.-0-