9 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзяржава здзейсніла адчужэнне шляхам продажу акцый ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" стратэгічным інвестарам - закрытаму акцыянернаму таварыству "Сістэмы інвестыцый і інавацый" (Беларусь) і публічнаму акцыянернаму таварыству "Матор Січ" (Украіна). Распараджэнне №335рп ад 30 снежня 2011 года аб адчужэнні акцый падпісана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" Уладзімір Троіцкі. Ва ўстаўным фондзе ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" дзяржаве належала 99,2% акцый, 0,8% акцый знаходзіліся ва ўласнасці працоўнага калектыву прадпрыемства. Дзяржаўны пакет цалкам прадаецца інвестарам: ЗАТ "Сістэмы інвестыцый і інавацый" становіцца ўладальнікам 1 488 171 акцыі, ПАТ "Матор Січ" прадаецца 2 232 256 акцый (каля 60%). Інвестары бяруць на сябе абавязацельствы на працягу 2012-2016 гадоў укласці ў рэканструкцыю, мадэрнізацыю вытворчых магутнасцей не менш за $12 млн., стварыць звыш 300 працоўных месцаў. Акрамя таго, на працягу двух гадоў з дня заключэння інвестыцыйнага дагавора новыя ўладальнікі прадпрыемства павінны правесці рэканструкцыю двух інтэрнатаў Аршанскага авіярамонтнага завода, а таксама накіраваць на працягу пяці гадоў каля Br20 млрд. у сацыяльна-эканамічнае развіццё пасёлка Балбасава.