Сёння ў Віцебску з рабочым візітам знаходзіцца дэлегацыя Пскоўскай вобласці на чале з першым намеснікам губернатара Верай Емяльянавай. Асноўная мэта паездкі – абмеркаванне канцэпцыі, тэрмінаў і месца правядзення дзён Пскоўскай вобласці ў Віцебску, якія запланаваны на 2023 год, а таксама абноўленага фармату міжнароднай сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, партызан і падпольшчыкаў на Кургане дружбы.

Сёння ў Віцебску з рабочым візітам знаходзіцца дэлегацыя Пскоўскай вобласці на чале з першым намеснікам губернатара Верай Емяльянавай. Асноўная мэта паездкі – абмеркаванне канцэпцыі, тэрмінаў і месца правядзення дзён Пскоўскай вобласці ў Віцебску, якія запланаваны на 2023 год, а таксама абноўленага фармату міжнароднай сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, партызан і падпольшчыкаў на Кургане дружбы.

Як паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, канцэптуальна фармат правядзення Дзён Пскоўскай вобласці будзе паўтараць аналагічнае мерапрыемства Віцебшчыны, якое прайшло ў Пскове ў верасні бягучага года. Расіяне прадставяць прамысловы патэнцыял рэгіёну, арганізуюць выставачнае мерапрыемства і шырокую культурную праграму.

— Упэўнены, што для дасведчанай віцебскай публікі гэта будзе вельмі цікава, у партнёраў ёсць цікавыя задумкі і магчымасці. Што тычыцца тэрмінаў правядзення, то разглядаюцца два варыянты: у перыяд фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» або падчас Дня горада Віцебска, які папярэднічае фестывалю. Нягледзячы на магчымыя складанасці, пастараемся максімальна ўлічыць пажаданні пскоўскіх калег, у тым ліку па падборы пляцовак для планаваных праектаў, — растлумачыў Вячаслаў Дурноў.

Па словах Веры Емяльянавай, Дні Віцебскай вобласці ў Пскове атрымаліся эфектыўнымі ва ўсіх аспектах, а галоўнае — выклікалі вялікі рэзананс сярод жыхароў рэгіёну і жаданне праводзіць падобныя мерапрыемствы як мага часцей. Таму расійская дэлегацыя прывезла ў Віцебск прапановы па ўзмацненні іх фармату. Яны гатовыя дапоўніць іх новымі праектамі, накіраванымі на развіццё двух рэгіёнаў. Гаворка ідзе аб ініцыятывах у рамках культурнай праграмы, а таксама ідэях па прамысловых, інвестыцыйных праектах.

У 2023 годзе арганізатарам Міжнароднай сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ўдзельнікаў партызанскага руху на Кургане Дружбы стане расійскі бок. Пскоўскія госці прапануюць абмеркаваць прапановы, накіраваныя на актывізацыю зносін моладзі, развіццё кантактаў грамадскіх арганізацый, каб Курган дружбы стаў месцам сустрэчы пакаленняў, а таксама ідэй аб'яднання і развіцця.

— Мы бачым неабходнасць у больш дэталёвай прапрацоўцы маладзёжнага складніку праекта. Гэта не павінна быць сустрэча адзін раз у год. На працягу ўсяго перыяду маладзёжныя, дзіцячыя грамадскія арганізацыі павінны ўдзельнічаць у мерапрыемствах, звязаных са зберажэннем гістарычнай памяці, падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, патрыятычнымі праектамі. А затым як фінальны акорд — сустрэча на Кургане Дружбы для падвядзення вынікаў і планавання будучых спраў. Іншымі словамі, сутнасць нашай ініцыятывы ў тым, што сустрэча павінна стаць сістэмнай сумеснай дзейнасцю вакол нашай агульнай гістарычнай мінуўшчыны і будучыні, а не заставацца адной са падзей календара, — падкрэсліла Вера Емяльянава.

У рабочай сустрэчы прымалі ўдзел прадстаўнікі камітэтаў і ўпраўленняў аблвыканкама і гарвыканкама, устаноў і арганізацый Віцебска. У завяршэнні візіту пскоўскія госці ацанілі патэнцыял віцебскіх пляцовак, якія могуць стаць месцам правядзення Дзён Пскоўскай вобласці на будучы год.

"Віцебскія весці".

Крыніца: vitebsk-region.gov.by