12 сакавіка, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Канцэпцыю развіцця турыстычнай інфраструктуры Полацка плануецца рэалізаваць на працягу двух бліжэйшых гадоў. Аб гэтым сёння журналістам заявіў старшыня Полацкага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Пазняк, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Канцэпцыя развіцця турыстычнай інфраструктуры Полацка прадугледжвае, у прыватнасці, добраўпарадкаванне тэрыторый, прылеглых да Сафійскага сабора і Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Добраўпарадкаванне мяркуе аднаўленне некаторых гістарычных аб'ектаў, развіццё турыстычнай інфраструктуры. Гарадскія ўлады маюць намер правесці большую частку работ за пазабюджэтныя сродкі. "Зыходзім з таго, што бізнес, бачачы свае выгады, будзе ўкладваць сродкі ў развіццё турыстычнага патэнцыялу горада", - адзначыў Аляксандр Пазняк. Ён расказаў, што ўжо атрымана згода аднаго з інвестараў на будаўніцтва ў Полацку двух гасцініц і рэстарана. Мэр горада нагадаў аб комплекснай праграме па развіцці Полацка на 2008-2012 гады, якая ўключае 37 мерапрыемстваў. Дзесяць з іх ужо выкананы, прыкладна столькі ж будуць завершаны сёлета. Аднак некаторыя праекты рэалізаваць, як планавалася, у 2012 годзе не ўдасца - з-за значнага росту кошту работ. Так, полацкія ўлады вымушаны зрушыць тэрміны будаўніцтва пешаходнага моста праз Заходнюю Дзвіну. Сродкі на яго ўзвядзенне прадугледжаны Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на 2012 год. Як расказаў Аляксандр Пазняк, яны пойдуць на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі. Асноўныя ж работы гарвыканкам плануе правесці за кошт прыватнага інвестара, пошукі якога зараз вядуцца.-0-

БЕЛТА