16 верасня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Канцэртная зала Сафійскага сабора адкрые XXXI сезон 22 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
У адным з лепшых залаў Еўропы адбудзецца канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі (дырыжор - заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў) і вядомай полацкай арганісткі Ксеніі Пагарэлай. У праграме два канцэрты для аргана з аркестрам Ф.К. Брыкса, а таксама сімфонія №10 Ф. Мендэльсона-Бартольдзі.
Мінскі камерны аркестр (так калектыў называўся раней) у 1983 годзе прымаў удзел у першым канцэрце на сцэне Сафійскага сабора. Творчая біяграфія калектыву пачынаецца ў 1968 годзе. Кіраўнікамі аркестра былі вядомы расійскі кампазітар, арганіст і дырыжор Алег Янчанка, Юрый Цырук, Пётр Вандзілоўскі. У цяперашні час мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам аркестра з'яўляецца заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў.
Салістка канцэртнай залы Сафійскага сабора, лаўрэат міжнароднага конкурсу Ксенія Пагарэлая - адзін з яркіх прадстаўнікоў беларускай арганнай і фартэпіяннай школы. Яна вядзе актыўную канцэртную дзейнасць: дае ў год каля 300 канцэртаў, з'яўляецца арганізатарам міжнароднага арганнага фестывалю "Званы Сафіі", удзельнікам праекта "Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва", арганны фестываляў у Заходняй Еўропе. Мае фондавыя запісы на беларускім радыё і тэлебачанні.
Канцэртная зала Сафійскага сабора ў гэтым годзе адзначае 30-годдзе. Упершыню тут загучала музыка 19 лютага 1983 года. У 1985 годзе спецыялісты чэшскай фірмы Riеger Kloss усталявалі арган, выраблены па індывідуальным праекце, які стаў неад'емнай часткай інтэр'ера Сафійскага сабора і прыцягнуў цікавасць прафесіяналаў і шматлікіх аматараў музыкі.
На працягу 2012-2013 гадоў столяра-будаўнічай фірмай "Хеслер" (Германія) і арганнымі майстрамі з Расіі пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі праводзіліся работы па мадэрнізацыі аргана. Удасканаленне электроннай сістэмы аргана і інтанацыя, якую зрабіў адзін з лепшых арганных майстроў Еўропы, Дзмітрый Ціценка (Украіна), узбагацілі каларыстычную палітру інструмента і падарылі яму новае гучанне.