15 красавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У аграгарадку Клясціцы Расонскага раёна Віцебскай вобласці краязнаўцы і энтузіясты цалкам расчысцілі падмурак капліцы, пабудаванай у гонар перамогі над французамі ў вайне 1812 года. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА полацкі гісторык і краязнавец Аляксей Бухавецкі.

У верасні мінулага года ён разам са сваім братам Андрэем вызначыў месца і раскапаў фрагмент падмурка разбуранага ў 30-я гады мінулага стагоддзя помніка-капліцы. Знаходка стала сенсацыйнай у маштабах краіны, а Расонскі райвыканкам адкрыў спецыяльны рахунак па зборы сродкаў на аднаўленне помніка. Аднак пакуль на гэты рахунак паступіла толькі Br2,1 млн ахвяраванняў.

Вясной гэтага года Клясціцкі сельскі выканаўчы камітэт даў дазвол на расчыстку балластнага слоя падмурка манумента плошчай 8х8 м. Старшакласнікі мясцовай школы разам з настаўнікамі дапамаглі братам Бухавецкім у гэтай працы. Падчас расчысткі былі знойдзены некалькі нітаў XIX стагоддзя для мацавання чыгунных пліт, ключ для іх завінчвання, частка чыгунавай пліты, фрагмент капітэлі. На думку краязнаўцаў, сам па сабе падмурак ужо можа служыць часткай турыстычнага маршруту.

Манумент быў адным з шасці помнікаў, узведзеных да стагоддзя перамогі ў месцах найбольш значных бітваў: у Барадзіне, Полацку, Клясціцах, Смаленску, Малаяраслаўцы і Чырвоным. У трох з гэтых гарадоў устаноўлены копіі, спецыяльна вырабленыя полацкім прадпрыемствам "Тэхналіт".

Аб'ект у Клясціцах выклікаў вялікую цікавасць у колах краязнаўцаў і аматараў гісторыі вайны 1812 года. У расійскіх навуковых часопісах з'явіліся адпаведныя публікацыі. Патрыятычныя клубы Санкт-Пецярбурга, Масквы, Смаленска, Малаяраслаўца плануюць прыехаць у Клясціцы гэтым летам, у тым ліку каб наведаць музей у мясцовай школе, прысвечаны вайне 1812 года.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)