22 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Крэатыўныя праекты прадстаўлены на выстаўцы Just now, якая адкрылася сёння ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Выставачны праект Just now (зараз) аб'яднаў мастакоў, чыя творчасць адлюстроўвае тэндэнцыі сучаснага мастацтва, такія як перформанс, інсталяцыі, аб'ект, арт-кніга, канструктыўнае і канкрэтнае мастацтва, калаж, асамбляж, ready-made. У ім прымаюць удзел людзі, чыё творчае крэда і стыль атрымалі шырокае прызнанне ў Беларусі і за мяжой. Гэта ўдзельнікі творчага аб'яднання "Квадрат" (1987-1995) Аляксандр Малей, Аляксандр Дасужаў, Аляксандр Слепаў, Віктар Шылка, Дзіна Даніловіч. На правах гасцей свае працы прадставілі таксама Міла Марш (ЗША) і Сюзанна Баўман (Швейцарыя).
Азнаёміцца з экспазіцыяй будзе цікава ўсім, хто любіць сучаснае мастацтва, нетрадыцыйны погляд на свет і гатовы адкрыць для сябе новы свет мастацтва.
Упершыню праект Just now адбыўся ў 2006 годзе ў мінскім Музеі сучаснага мастацтва. Яго мэтай было прадставіць мастакоў віцебскай школы, якія працуюць у нетрадыцыйных для Беларусі напрамках мастацтва. Поспех выстаўкі і шматлікія станоўчыя водгукі сталі добрым стартам для далейшай рэалізацыі гэтага праекта і з часам змаглі прыцягнуць да яго шматлікіх крэатыўных мастакоў, колькасць якіх з кожным разам павялічваецца.
Наведаць выставу можна да 4 снежня.-0-
БЕЛТА
Крэатыўныя праекты прадстаўлены на выставе Just now у Віцебску
22.11.20110 праглядаў