18 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Крытыка дапамагае "Славянскаму базару" станавіцца лепшым. Такі пункт гледжання на закрыцці прэс-цэнтра XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" выказаў генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар фестывалю Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён шчыра падзякаваў прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі за працу па асвятленні фестывалю, дадаўшы: "Крытычныя матэрыялы дазваляюць нам не запліснявець". Радзівон Бас лічыць журналістаў паўнапраўнымі ўдзельнікамі фестывалю і растлумачыў чаму: "Гледачы ва ўсім свеце бачаць фестываль вашымі вачыма. Свет даведваецца пра "Славянскі базар" дзякуючы выданням, прадстаўнікі якіх працуюць тут. Без журналістаў гэта было б сумнае мерапрыемства".
Аднак што б ні пісалі пра фестываль, якую б карцінку ні паказвалі тэлевізійныя камеры, адчуць фестываль можна, толькі пабываўшы тут, падкрэсліў Радзівон Бас і запрасіў усіх на наступны XXII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар".
Намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзмітрый Шэдко, выступаючы на закрыцці прэс-цэнтра фестывалю, таксама выказаў словы прызнальнасці ў адрас журналістаў. "Дзякуючы вам кожны дзень выходзілі дзясяткі паведамленняў, рэпартажаў, фотасюжэтаў, прысвечаных фестывалю. Мноства людзей змаглі даведацца пра гэтае свята", - сказаў ён.-0-
БЕЛТА
Крытыка дапамагае "Славянскаму базару" станавіцца лепшым - Р.Бас
18.7.20120 праглядаў