26 лістапада, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія мытнікі і памежнікі прадухілілі ўвоз у Латвію кантрабандных цыгарэт больш чым на Br148 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай мытні.
У рэспубліканскім пункце мытнага афармлення "Бігасава-2" мытнікі сумесна з супрацоўнікамі органаў памежнай службы Беларусі пры правядзенні мытнага кантролю чыгуначных вагонаў з каменным вугалем, прызначаным для дастаўкі ў Латвію, выявілі 78 скрынь з 39 тыс. пачкамі цыгарэт. Пачкі маркіраваны беларускімі акцызнымі маркамі. Агульны кошт кантрабанды перавысіў Br148 млн.
Крыху раней на станцыі "Полацк" у пункце мытнага афармлення Наваполацкага мытнага паста Віцебскай мытні пры правядзенні мытнага кантролю ў вагоне з каменным вугалем, які рухаўся ў Латвію, таксама былі выяўлены кантрабандныя цыгарэты беларускай вытворчасці агульным коштам амаль Br7,3 млн.
Абедзве партыі незаконна перавозімых тавараў канфіскаваны. Па дадзеных фактах праводзіцца праверка.-0-
БЕЛТА
Буйная партыя кантрабандных цыгарэт выяўлена ў чыгуначных вагонах з каменным вугалем
26.11.20120 праглядаў