30 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адна з найбуйнейшых за апошнія тры гады партыя наркотыкаў канфіскавана ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама. Супрацоўнікі праваахоўных органаў на аўтадарозе Глыбокае-Полацк у Полацкім раёне спынілі аўтамашыну "БМВ" пад кіраваннем жыхара Наваполацка. У ёй таксама знаходзіліся двое жыхароў Полацка. Пакуль міліцыянты правяралі дакументы ў кіроўцы, адзін з пасажыраў выскачыў з машыны і паспрабаваў уцячы. Як аказалася, яму было што хаваць: аператыўнікі выявілі ў яго поліэтыленавы згортак з 1027 таблеткамі псіхатропнага рэчыва - экстазі. "Гэта адна з найбуйнейшых партый наркотыкаў, канфіскаваных на тэрыторыі Віцебскай вобласці з 2008 года. Яе кошт на чорным рынку складае каля $20 тыс.", - адзначылі ва УУС. Жыхар Полацка арганізаваў канал пастаўкі асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў на тэрыторыю Віцебскай вобласці з Літвы. Сумесную аперацыю па яго затрыманні праводзілі супрацоўнікі 9-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБВПС МУС і міжраённага аддзела ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама. У дачыненні да затрыманага ўзбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў. Яму погражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Дачыненне да транспарціроўкі наркотыкаў двух іншых грамадзян устанаўліваецца.-0-

БЕЛТА