У Віцебскім раёне ўведзены ў строй малочна-таварны комплекс "Янавічы" на 1,4 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы
У Віцебскім раёне ўведзены ў строй малочна-таварны комплекс "Янавічы" на 1,4 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы.У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця новага аб'екта Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч, кіраўніцтва і працоўны калектыў прадпрыемства, ганаровыя госці.
МТК "Янавічы" уключае асобныя будынкі для ўтрымання дайных кароў, маладняку і нецеляў, цялят, даільна-малочны блок і радзільнае аддзяленне, фільтрацыйна-сушыльную ўстаноўку для бесперапыннага цыклу сушкі арганікі з наступным выкарыстаннем у якасці падсцілачнага матэрыялу, 14 траншэй для нарыхтоўкі сіласу і сенажу па 2,5 тыс. т кожная. Такім чынам забяспечваецца тэхналогія для круглагадовай раўнамернай вытворчасці малака. Пасля выхаду комплексу на поўную магутнасць надой на адну карову чакаецца на ўзроўні каля 10 тыс. кг у год, гадавая вытворчасць малака - 14,4 тыс. т у год.
Тут будзе створана 56 працоўных месцаў. Для забеспячэння работнікаў жыллём ужо ў сакавіку плануецца закласці фундамент для будаўніцтва 24-кватэрнага дома.
Комплекс пабудаваны за паўтара года. "А ўвялі ў строй мы яго на цэлы квартал раней за запланаваны тэрмін. З 8 студзеня "Янавічы" працуюць у пусканаладачным рэжыме. За гэты час былі апрабаваны ўсе сістэмы, падпісаны акты", - падкрэсліла на святочнай цырымоніі генеральны дырэктар ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка" Ганна Норкус. Яна таксама адзначыла, што аб'екты, запушчаныя птушкафабрыкай у мінулым годзе, паказваюць выдатны вынік працы, і выказала надзею, што дадзены комплекс ужо неўзабаве таксама прадэманструе сваю эфектыўнасць.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў звярнуў увагу на шматпрофільную дзейнасць птушкафабрыкі. На яго думку, гэта правільны падыход. "У вас фарміруецца сучасная шматпрофільная вытворчасць. Прычым кожны напрамак прыносіць свой прыбытак, разам атрымліваецца сур'ёзная выручка. Вы павінны і далей выбудоўваць гэту тэхналогію, - сказаў губернатар. - У прадпрыемства 17 тыс. га ворнай зямлі, 25 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў. І гэта не мяжа". Кіраўнік вобласці таксама агучыў задачы, якія ў найбліжэйшай будучыні трэба будзе ўвасобіць птушкафабрыцы: атрымаць 100 тыс. т збожжа і дасягнуць штодзённага надою малака ў 100 т. Кіраўніцтву прадпрыемства яны па плячы, перакананы Мікалай Шарснёў.