Культурна-спартыўны фестываль "Вытокі" з 3 па 5 чэрвеня адбудзецца ў Оршы. Арганізатары створаць святочную атмасферу, якая адлюструе культурны, спартыўны і эканамічны патэнцыял горада на Дняпры, паведамілі ў прэс-службе НАК Беларусі.
Культурна-спартыўны фестываль "Вытокі" з 3 па 5 чэрвеня адбудзецца ў Оршы. Арганізатары створаць святочную атмасферу, якая адлюструе культурны, спартыўны і эканамічны патэнцыял горада на Дняпры, паведамілі ў прэс-службе НАК Беларусі.
Фестываль адкрыецца 3 чэрвеня праграмай гісторыка-культурнай спадчыны ў аршанскім езуіцкім калегіуме ( вул. Леніна, 6). У гэты дзень тут адбудзецца круглы стол на тэму "Орша: традыцыі ў сучаснасці" (пачатак у 13.00), а таксама адкрыццё выстаў "Кола часу" і дзіцячага малюнка (17.30) і лекцыя-прэзентацыя "Сучаснае беларускае выяўленчае мастацтва" (18.00). У дзіцячай школе мастацтваў №1 ( вул. Леніна, 21) пройдзе канцэрт арганнай музыкі і творчая сустрэча Валерыя Шмата "Мой крок да Алiмпу" (19.00).
Праграма фестывалю працягнецца 4 чэрвеня адукацыйным семінарам па прасоўванні творчых і інавацыйных праектаў "Маладзёжны брэнд" ( вул. Леніна, 6, 12.00) і культурна-эканамічнай праграмай "Капітал месца" (14.00). Яго ўдзельнікі абмяркуюць распрацоўку і прасоўванне нацыянальных і рэгіянальных брэндаў.
Адной з цэнтральных пляцовак фестывалю 5 чэрвеня стане "Вытокі. Крок да Алiмпу" (Лядовы палац, вул. Леніна, 79; спартыўны комплекс "Алімпіец", вул. Шаўчэнкі, 21, афіцыйнае адкрыццё - 13.00), дзе кожны ахвотны можа прыняць удзел у спаборніцтвах і конкурсах, усёй сям'ёй праверыць свае магчымасці ў розных відах спорту, выканаць заданні і атрымаць каштоўныя прызы. Для ўдзельнікаў будзе працаваць фуд-корт, зона сямейнага адпачынку і выстава-продаж "Беларускія брэнды".
Важнае месца на фестывалі зойме пляцоўка вакальнага конкурсу (16.00). Прафесійнае журы вызначыць найлепшых маладых выканаўцаў, якія атрымаюць не толькі дыпломы і каштоўныя прызы, але і магчымасць далейшага творчага развіцця. Аматары, якія жадаюць вывучыць рухі старадаўніх беларускіх танцаў і сучасных харэаграфічных напрамкаў, змогуць наведаць танцавальны майстар-клас ад прафесіяналаў.
Завершыцца фестывальная праграма 5 чэрвеня вечаровым гала-канцэртам (19.00) з удзелам папулярных артыстаў Жанет, Валерыя Шмата, Гюнеш, арт-групы "Беларусы", гурта "Дразды", Зіны Купрыяновіч, Ірыны Дарафеевай, гуртоў Jazz City Band і "Байсіці", Аляксандра Варанішчы.
Нагадаем, што маштабнае мерапрыемства стартавала ў маі ў Лідзе.
Спартыўна-культурны фестываль "Вытокi" ў 2021 годзе пройдзе таксама ў Кобрыне (10-12 чэрвеня), Мазыры (24-26 чэрвеня), Бабруйску (15-17 ліпеня) і Жодзіне (5-7 жніўня). "Вытокi" (VYTOKI) - беларускі брэнд, сімвал, які адлюстроўвае накіраванасць фестывальнага руху з мэтай папулярызацыі нацыянальнай культуры, спорту, гісторыі, традыцый і падтрымкі малых гарадоў. Арганізатарамі фестывалю "Вытокi" з'яўляюцца Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Федэрацыя прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь.