25 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. "Купоны дабрыні" паступілі ў продаж у Полацку. Купіць іх і стаць крыху больш міласэрным можа кожны, хто напярэдадні надыходзячых навагодніх і калядных святаў прыйдзе ў крамы або на аб'екты грамадскага харчавання унітарнага прадпрыемства "Полацк-гандаль", расказалі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама. Прадпрыемствы "Полацк-гандаль" у рамках рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці" вырашылі дапамагчы дзецям-інвалідам і рэалізуюць праект "Дабрыня без межаў - дапамажы дзецям-інвалідам". Усе сродкі, атрыманыя ад продажу "купонаў дабрыні", пойдуць на набыццё для дзетак падарункаў, якія будуць уручаны ім праз гарадскую асацыяцыю бацькоў дзяцей-інвалідаў "Струмок". Купоны каштуюць усяго Br5 тыс. Па папярэдняй інфармацыі, іх прададзена ўжо больш за тысячу. Як адзначылі ва ўпраўленні гандлю аблвыканкама, "Полацк-гандаль" не адзінае камунальнае гандлёвае прадпрыемства, якое стала ўдзельнікам рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці". У Оршы яны ўзялі пад навагодні патранат 55 шматдзетных сем'яў. Ім будуць уручаны салодкія падарункі, садавіна, а таксама канцылярскія прыналежнасці і бытавая тэхніка. Акрамя таго, гандлёвыя прадпрыемствы аказваюць спонсарскую дапамогу школам, сацыяльным прытулкам, цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання: набываюць мэблю, аплачваюць навагоднія экскурсіі для дзяцей. Убаку ад добрых спраў не засталіся прыватныя гандлёвыя кампаніі. Напрыклад, у Наваполацку яны аказалі падтрымку сацыяльнаму і педагагічнаму цэнтру, аддзяленню для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі, дзіцячаму прытулку, цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У Віцебску прадпрыемствы гандлю арганізуюць навагодні свята ў гарадскім сацыяльна-педагагічным цэнтры, дзе знаходзяцца 35 дзетак. Ім падораць зімовы абутак, цацкі, бялізну, а для самога цэнтра будуць набыты электратары і бытавая тэхніка. Ініцыятарам і каардынатарам правядзення дабрачыннай акцыі выступіла ўпраўленне гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама. У многіх гарадах і раёнах Віцебскай вобласці ўжо прайшлі першыя дабрачынныя перадсвяточныя мерапрыемствы для дзяцей. У цэнтры ўвагі на працягу ўсяго часу навагодніх святаў будуць знаходзіцца выхаванцы інтэрнатных устаноў: у кожную з іх запланаваны візіты чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Усяго мерапрыемствамі акцыі "Нашы дзеці" у Віцебскай вобласці будуць ахоплены звыш 100 тыс. дзяцей.-0-