На мінулых выхадных моладзь Віцебшчыны стала ўдзельніцай беларуска-расійскай моладзевай адукацыйна-патрыятычнай школы «КУРГАН - 2026»

Удзел у мерапрыемстве прынялі і лепельчане - каманда актывістаў БРСМ разам з першым сакратаром Наталляй Журба і другім сакратаром Веранікай Сычык. На працягу трох дзён хлопцы ўдзельнічалі ў розных інтэрактывах, конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. А самае галоўнае - выдатна правялі час і набылі новых сяброў.


5 ліпеня на Кургане Дружбы адбылася адна з ключавых сустрэч, якая адлюстроўвае партнёрскія адносіны брацкіх народаў. На стыку трох дзяржаў - Расіі, Беларусі, Латвіі - адбылася 67-я сустрэча дэлегацый дзвюх краін - Беларусі і Расіі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Віцебскай і Пскоўскай абласцей, падкрэсліўшы гэтым нязменнасць брацкіх сувязяў і шматгадовага супрацоўніцтва паміж народамі. Беларускую дэлегацыю ўзначалілі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў і намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксей Гуйда. У сустрэчы ўдзельнічала і дэлегацыя Лепельскага раёна пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Веранікі Хомбак.


На беларускай зямлі гірлянды воінскай славы і кветкі леглі да помніка камсамольцам-падпольшчыкам вёскі Прошкі, жыццё якіх стала для нашчадкаў прыкладам адвагі і мужнасці. На расійскім баку ўдзельнікі сустрэчы ўсклалі гірлянды воінскай славы і кветкі да помніка партызанскай выведчыцы Марыі Пынто, жорстка закатаванай фашыстамі 15 мая 1944 года.


Тут жа, у Верхнядзвінскім раёне, лепельчане сустрэліся з удзельнікамі беларуска-расійскай моладзевай адукацыйна-патрыятычнай школы "Курган-2026". Моладзь Лепельшчыны гасцінна сустрэла кіраўніцтва паўночнага рэгіёну, а таксама землякоў..