Курган Дружбы за 60 гадоў існавання стаў месцам памяці, сімвалам яднання і братэрства трох народаў. Такое меркаванне выказаў сёння на сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ля гэтага памятнага месца старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы хочам, каб з кожным годам народная памяць мацнела аб тых падзеях і перажытым людскім горы. Усё гэта для таго, каб у будучыні не дапусціць вайны", - адзначыў Мікалай Шарснёў. Ён дадаў, што моладзі захоўваць і прымнажаць традыцыі, створаныя бацькамі і дзедамі на Кургане Дружбы.

Губернатар Пскоўскай вобласці Міхаіл Ведэрнікаў акцэнтаваў увагу на тым, што ўдзельнікі сустрэчы знаходзяцца ў гістарычным і легендарным месцы. "У гэтых непраходных лясах у 1942 годзе рускія, беларускія і латышскія партызаны сфарміравалі тое, што сёння вядома як партызанскі край. Гэтая тэрыторыя стала сімвалам народнага гераізму, увасабленнем праведнай помсты, чалавечага гонару, самаахвяравання і жорсткага супраціву", - сказаў кіраўнік рэгіёна.

Міхаіл Ведэрнікаў нагадаў, што па выніках вайны за самаадданасць і гераізм больш за 311 тыс. партызан былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 248 чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. "Пры гэтым палову ўзнагарод - 144 тыс. - атрымалі байцы, якія змагаліся на тэрыторыі Беларусі. Браты беларусы ўнеслі каласальны ўклад у агульную перамогу, і мы, расіяне, гэтага ніколі не забудзем", - дадаў губернатар.

З кожным годам колькасць удзельнікаў сустрэчы з ліку ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны скарачаецца. Сярод тых, хто прыехаў на юбілейную сустрэчу, 93-гадовы Мікалай Сушкоў з Полацка. "Яшчэ калі пасля вайны служыў у арміі, прыязджаў сюды разам са сваімі салдатамі. Ім ветэраны распавядалі пра вайну. Пазней стаў ездзіць з сынамі, бо моладзі не проста важна тут быць, а неабходна ведаць пра тое, хто і як ваяваў", - адзначыў Мікалай Сушкоў.

Салідарны з ім і Уладзімір Дашчанок - адзін з пастаянных удзельнікаў урачыстасцей на мяжы Беларусі, Расіі і Латвіі. Ён у 17-гадовым узросце пайшоў у партызаны, змагаўся з ворагам у гэтай мясцовасці. "Моладзь правільна робіць, што прыязджае ў гэтыя мясціны і разбівае лагер. Я з імі штогод сустракаюся. Яны вельмі цікавяцца ўспамінамі і ставяцца да нас з пашанай", - дадаў ветэран.