Адкрыты турнір па міні-футболе на прыз Савета калектыву фізкультуры ліцэя прайшоў сярод школьнікаў і навучэнцаў раёна. Не першы год пад эгідай рэспубліканскай акцыі «Беларусь супраць тытуню» яго арганізуе Дзяржаўны прафесійны ліцэй. «Актыўны рух супраць курэння» – такі дэвіз турніру. Збор цыгарэт, прапаганда здаровага ладу жыцця – не забываюць на спартыўным мерапрыемстве і пра адукацыйныя моманты.

Гэтым разам за перамогу змагаліся пяць каманд: спартсмены каледжа і ліцэя, а таксама вучні гімназіі І. М. Ерашова, Заслаўскай і Горскай СШ. Першымі ў турніры сталі навучэнцы каледжа, другое месца – у гімназістаў, а трэцяе – у заслаўскіх хлопцаў. Права называцца лепшым абаронцам гульні атрымаў Максім Кухарчык з Заслаўя. Лепшым нападнікам прызналі Аляксандра Прыцкера з гімназіі, а брамнікам – навучэнца каледжа Віталя Мілоша.

М. Арлова