16 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Курс беларускага рубля ў найбліжэйшы час і ў першым квартале 2011 года не зазнае значных змяненняў у адносінах да кошыка валют. Такі прагноз у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА зрабіла старшыня праўлення ААТ "АСБ Беларусбанк" Надзея Ермакова. Яна прымала ўдзел у адзіным дні інфармавання "Беларусь - сацыяльная дзяржава: асноўныя вынікі развіцця ў 2006-2010 гадах" у Віцебску.
"Кошык валют, у які ўваходзяць еўра, долар, расійскі рубель, пакуль змяняцца не будзе. У першым квартале 2011 года ён таксама застанецца ранейшым. Стан беларускай эканомікі дазваляе быць у гэтым упэўненымі", - лічыць Надзея Ермакова.
Адносіны курса беларускага рубля да валют іншых дзяржаў дыктуюцца сусветнай фінансавай сістэмай: на біржах ідзе пастаянная барацьба долара і еўра, якая выгадная гульцам. Па словах старшыні праўлення Беларусбанка, у найбліжэйшы час кошык валют будзе дапоўнены кітайскім юанем, што зробіць яго больш незалежным.
Як адзначыла Надзея Ермакова, рэзкае змяненне курса беларускага рубля да кошыка валют, якое адбылося ў пачатку 2009 года, было абумоўлена патрабаваннямі Міжнароднага валютнага фонду. У цяперашні час МВФ вядзе толькі маніторынг працэсаў, якія адбываюцца ў фінансавай сістэме краіны. Золатавалютныя запасы краіны забяспечваюцца экспартам.-0-
БЕЛТА
Курс беларускага рубля да кошыка валют у найбліжэйшы час значна не зменіцца - Н.Ермакова
16.12.20100 праглядаў