30 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Латвійскі квартэт кантрабандыстаў пазбавіўся ў Беларусі 8 тыс. пачкаў цыгарэт і аўтамабіля "Мерседэс", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік прэс-службы Полацкага пагранатрада Дзяніс Глебко. У ходзе рэалізацыі аператыўнай інфармацыі вайскоўцы Полацкага пагранатрада ў пагранзоне выявілі сляды чатырох чалавек, якія вядуць у бок беларуска-латвійскай мяжы. Неўзабаве памежнікі затрымалі чатырох мужчын, якія аказаліся грамадзянамі Латвіі, а потым знайшлі і аўтамабіль "Мерседэс-Бенц" з 8 тыс. пачкаў цыгарэт у ім. Высветлілася, што двое прыбылі ў Беларусь напярэдадні ва ўстаноўленым парадку праз пункт пропуску на легкавым аўтамабілі "Мерседэс-Бенц". Мэта іх ваяжу было набыццё цыгарэт і дастаўка іх да мяжы. Перад іх напарнікамі стаяла іншая задача: незаконна перасекчы мяжу, забраць цыгарэты і перакінуць іх на тэрыторыю Латвіі. У дачыненні да дваіх затрыманых за спробу парушэння дзяржмяжы з Беларусі ў Латвію складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні і накладзены штраф у памеры Br175 тыс. кожнаму. Двое іншых, якія парушылі мяжу, дэпартаваны, ім забаронены ўезд у Беларусь. Квартэт парушальнікаў перададзены латвійскаму боку. Аўтамабіль "Мерседэс" і 8 тыс. пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі (а гэта 16 скрыняў) перададзены супрацоўнікам мытні да рашэння суда.-0-

БЕЛТА