17 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лаўрэат спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" на XXI Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Леў Лешчанка стане сёння бенефіцыянтам вячэрняга канцэрта ў Летнім амфітэатры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі фестывалю. Бенефіс народнага артыста Расіі збярэ па-сапраўднаму зорную пляяду артыстаў Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы: на канцэрце выступяць Руслан Алехна, Алсу, Надзея Бабкіна і ансамбль "Руская песня", Аксана Багослаўская, Варвара, лепшы сябар бенефіцыянта Уладзімір Вінакур, Максім Дунаеўскі, Лаліта, Аляксандр Маршал, Яна Мелікаева, Сафія Анопчанка, Соса Паўліяшвілі, Рустам Штар, Ігар Лучанок, Анатоль Ярмоленка, ансамбль спартыўнага бальнага танца "Фэст", студыя эстраднай песні "Форум", Канстанцін Масковіч, Мікалай Гнатюк, Патап і Насця. Выкананнем сваіх лепшых кампазіцый парадуе і сам уладальнік імянной зоркі ў Віцебску. З аншлагам, без сумневаў, пройдзе "Зорны час" са Львом Лешчанкам у Міжнародным прэс-цэнтры. Насычаная праграма дня ўключае таксама канцэрт "Да светлых слёз" Марыі Нумавай (Латвія) у Віцебскай абласной філармоніі, вечар гумару тэатра пародый Уладзіміра Вінакура, які адбудзецца ў Летнім амфітэатры. Трагіфарсам "Баба Шанель" Маскоўскага тэатра на Паўднёвым-Захадзе (Расія) працягнуцца "Тэатральныя сустрэчы-2012" у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Мастацкі фільм "Дом ветру" (Расія) завершыць у 18.00 у Доме кіно кінапраект XXI фестывалю. З гісторыяй стварэння карціны гледачоў пазнаёміць яе рэжысёр Вячаслаў Златапольскі. Пранізлівая драма распавядае пра жыццё Таісіі Леўшынай, дворнічыхі дзіцячай інфекцыйнай бальніцы, якая даведваецца пра тое, што яе сын, без вестак прапаўшы на паўднёвай мяжы гадоў дзесяць таму, насамрэч загінуў. Каб запоўніць балючую пустэчу ў душы, Тая забірае з бальніцы сямігадовага хлопчыка-азіята Цімура, які па ўсіх дыягназах і медыцынскіх паказаннях асуджаны на хуткі сыход. Гэтая гісторыя пра тое, як безаглядная любоў падымае мікраскапічнага чалавечка з няўладкаванасці і нягод да ўзроўню антычнай велічы, прамой размовы з Богам і, адкідваючы ўсе законы занадта матэрыяльнага свету, творыць Цуд, захоўваючы новае жыццё.