25 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лаўрэатаў ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны" будуць узнагароджваць 27 студзеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім аблвыканкаме. Урачыстае мерапрыемства пройдзе ў канцэртнай зале "Віцебск" абласнога цэнтра. Яго галоўнымі ўдзельнікамі стануць 100 удастоеных ганаровага звання жыхароў рэгіёна, якія прадстаўляюць розныя галіны народнай гаспадаркі: прамысловасць, ахову здароўя, аграпрамысловы комплекс, адукацыю, жыллёва-камунальную гаспадарку, сферы паслуг, культуры, сілавыя ведамствы, малы і сярэдні бізнес, энергетыку і інш. З прысваеннем ганаровага звання лаўрэатаў павіншуе старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Сярод узнагароджаных — людзі, працоўныя заслугі якіх здабылі глыбокую павагу не толькі ўнутры сваіх калектываў, але і далёка за межамі вобласці. Гэта дырэктар ААТ "Тэхналіт-Полацк" Леанід Пятроў, кіраўнік Талачынскага кансервавага завода Анатоль Анюхоўскі, мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра "Лялька" Віктар Клімчук, старэйшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства Валянціна Хадосевіч, начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Мікалай Белаў, галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч, першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Новацкі, старшыня камісіі па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Віцебскага абласнога савета грамадскага аб'яднання ветэранаў Ларыса Бруева. Прысваенне ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны" праводзіцца ў вобласці з 2009 года з мэтай заахвочвання за заслугі ў садзейнічанні правядзенню і рэалізацыі сацыяльнай і эканамічнай палітыкі дзяржавы і органаў мясцовага кіравання, ажыццяўленню мер па забеспячэнні законнасці і правапарадку, за дасягненні ў галіне навукі, адукацыі і культуры, актыўную грамадскую дзейнасць. Лепшыя людзі рэгіёна атрымліваюць дыпломы лаўрэатаў, ганаровыя знакі і грунтоўную грашовую прэмію. Акрамя таго, білборды з іх фотаздымкамі на працягу ўсяго года будуць упрыгожваць населеныя пункты вобласці.-0-

БЕЛТА