Абсталяванне выключна беларускай вытворчасці. Прадугледжана ўсё для зручнасці як пацыентаў, так і для працы стаматолага.
— У распараджэнні нашых спецыялістаў цяпер 4 новыя ўстаноўкі. Яны аснашчаны сучасным абсталяваннем — высокахуткаснымі наканечнікамі, шчотачнымі электрарухавікамі, падсветкай. Усе новыя ўстаноўкі ўжо ў рабоце. Замена была праведзена ў кабінетах бюджэтнага прыёму, — растлумачыла загадчыца аддзялення Ірына Гінель.
Таксама кіраўніца дадала, што мадэрнізацыя стаматалагічнага абсталявання ўжо прайшла не толькі ў Лепелі, але і ў сельскай мясцовасці. На новых устаноўках медыкі працуюць у Домжарыцкім ФАПе, у Бароўскай, Каменскай і Заслонаўскай амбулаторыях.
Як змяніўся працэс дыягностыкі і лячэння з'яўленнем новага абсталявання, з задавальненнем расказала зубны фельчар Алёна Сярэбраная. Спецыяліст адзначае, што такія новаўвядзенні, безумоўна, пайшлі толькі на карысць як медперсаналу, так і пацыентам.
— За больш чым 30-гадовы працоўны стаж давялося працаваць з розным абсталяваннем. Цяперашнія ўстаноўкі, сапраўды, экспертнага класа. Яны працуюць бясшумна і эфектыўна. Акрамя таго, маюць стыльны знешні выгляд. Думаю, гэта зробіць візіт да стаматолага больш прыемным як для дарослых, так і для дзяцей, — адзначыла Алёна Міхайлаўна.
— Істотнае абнаўленне парку стаматалагічнага абсталявання стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Дарэчы, кошт адной устаноўкі — каля 16 тысяч рублёў. Мадэрнізацыя будзе спрыяць значнаму павышэнню якасці аказання спецыялізаванай дапамогі, — пракаментаваў галоўны ўрач Лепельскай ЦРБ Аляксей Пракоф'еў.