З паніжэннем тэмпературы паветра на вадаёмах вобласці пачынае фарміравацца лядовы полаг і першымі, хто звычайна выпрабоўвае яго на трываласць – аматарамі зімовай рыбалкі і дзеці.

У мэтах папярэджання няшчасных выпадкаў і здарэнняў на водных аб'ектах, ратавальнікі рэкамендуюць выконваць правілы бяспекі.
Выхад на лёд заўсёды суправаджаецца вялікай рызыкай і ўяўляе вялікую небяспеку для жыцця. Чалавек, які апынуўся ў вадзе, можа загінуць не толькі ў выніку ўтаплення, але і ад пераахаладжэння арганізма, якое наступае ўжо праз 10 хвілін пасля трапляння ў халодную ваду.

Таму, неабходна ведаць, што выхад на лядовае пакрыццё ў перыяд утварэння лёду магчымы толькі тады, калі яго таўшчыня дасягне не менш за 7 сантыметраў для аднаго чалавека і 10-12 сантыметраў – для групы людзей.
Не рэкамендуецца выходзіць на лёд, калі вы адны і ў межах бачнасці няма нікога, хто змог бы прыйсці на дапамогу, а таксама ў мяцеліцу і ў цёмны час сутак. Пры руху па лядовым пакрыцці варта быць асцярожнымі, уважліва сачыць за яго паверхняй, абыходзіць небяспечныя і падазроныя месцы: упадзіны ручаёў, выхады грунтавых вод і крыніц.