24 мая, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Помнік сярэднявечнаму дойліду Яну урачыста адкрыўся сёння ў Полацку напярэдадні святочных урачыстасцей у гонар 1150-годдзя горада, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Легендарны архітэктар сярэднявечча з'яўляецца аўтарам Спаса-Праабражэнскай царквы, прызнанага шэдэўра ўсходнееўрапейскай архітэктуры. Храм быў узведзены ў XII стагоддзі па замове прападобнай Ефрасінні Полацкай. "Святло боскай іскры таленту гэтага чалавека свеціць нам праз стагоддзі. Гэта помнік стваральніку. Кожны з нас павінен быць стваральнікам сваёй сям'і, роду, зямлі", - сказаў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк. Бронзавы помнік вышынёй 3,5 м адліты па праекце вядомага скульптара Аляксандра Шаппо. Манумент выраблены на сродкі прадпрыемстваў, у тым ліку будаўнічых, горада, гарадской арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" і ўстаноўлены ў новым жылым мікрараёне "Аэрапорт". Полацк - горад помнікаў, многія з іх з'яўляюцца ўнікальнымі. Напрыклад, знак літары беларускага алфавіта "у кароткае", аўтарам якога з'яўляецца Ігар Куржалоў. Скульптары Аляксандр Прохараў, Леанід Мінкевіч, Сяргей Ігнацьеў і архітэктар Дзмітрый Сакалоў ушанавалі для Полацка яго знакамітага князя Усяслава Брачыславіча - Усяслава-чарадзея. Гэты помнік стаў першым у Беларусі конным манументам. Помнік дойліду Яну зойме годнае месца ў гэтым радзе. На думку дэкана мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, скульптара Аляксандра Прохарава, ён з'яўляецца новым словам у беларускім манументальным мастацтве і "перлам сярод помнікаў Полацка". -0-

БЕЛТА