У рамках шырокамаштабнай кампаніі па інфармаванні насельніцтва аб эфектыўнасці выкарыстання аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў работнікі Лепельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пры садзейнічанні грамадскай арганізацыі «Белая Русь», а таксама прадстаўніка Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства ўсталёўваюць дадзеныя прыборы ў дамах найбольш уразлівых катэгорый грамадзян.

‒ Апавяшчальнік даволі лёгка ўсталёўваецца і не патрабуе спецыяльнага абслугоўвання. Пры задымленні ён выдае гучны гукавы сігнал, які здольны разбудзіць спячага чалавека і даць яму час пакінуць небяспечную зону, ‒ тлумачаць прадстаўнікі выратавальнага ведамства домаўладальнікам. ‒ У выпадку, калі прыбор пачынае рытмічна пішчаць, то гэта паказвае на тое, што пара замяніць элемент харчавання.

Наведваючы домаўладанні, ратавальнікі таксама нагадалі пенсіянерам нумары тэлефонаў экстранных службаў і растлумачылі алгарытм дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару або надзвычайных сітуацый, а яны, у сваю чаргу, падзякавалі работнікам МНС за праяўленую ўвагу і клопат аб бяспецы людзей пажылога ўзросту. 

Завяршаючы дыялог, ратавальнікі ўручылі вяскоўцам тэматычныя буклеты з рэкамендацыямі па прывядзенні маёмасці ў пажарабяспечны стан.