У рамках рэспубліканскай акцыі «Бяспечныя канікулы» лепельскія ратавальнікі правялі прафілактычныя мерапрыемствы для дзяцей з прышкольных лагераў.

Работнікі МНС пагутарылі з дзецьмі аб выкананні правілаў бяспекі на вуліцы і ў побыце, пры наведванні лясоў, і аб тых небяспеках, з якімі яны могуць сутыкнуцца ў перыяд летніх канікул. Дзяўчаты і хлопцы з задавальненнем прымалі ўдзел у віктарынах і конкурсах, адгадваючы тэматычныя загадкі.
Далей усе ўдзельнікі мерапрыемства прайшлі да пажарнага аўтамабіля, дзе пазнаёміліся са спецыяльным абсталяваннем і элементамі баявога адзення ратавальнікаў. Дзеці прымяралі баявое адзенне, з дапамогай апарата на сціснутым паветры дыхалі і за рулём пажарнага аўтамабіля сядзелі.
Не засталася без увагі і тэма бяспекі каля вады. З дапамогай розных гульняў дзеці паўтарылі правілы бяспечных паводзін на вадаёмах.
У завяршэнні мерапрыемстваў хлопцы і дзяўчаты атрымалі масу станоўчых эмоцый і папоўнілі багаж ведаў у галіне бяспекі. Усім удзельнікам ратавальнікі ўручылі тэматычныя буклеты супрацьпажарнай накіраванасці.