10 верасня Лепель адзначыць 572-годдзе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Лепельскім райвыканкаме.
Дзень горада будзе адзначаны для лепельчан і гасцей шэрагам цікавых падзей. Так, святочная раніца пачнецца з адкрыцця скульптуры Лепельчаніна. Новы жыхар Лепеля, выкананы ў чалавечы рост і ўвасабляе вобраз селяніна, прапішацца на плошчы Свабоды. Магчыма, пагладзіць парася, што стаіць ля яго ног, і пацерці пятачок, заціснуты ў руцэ, стане новай добрай традыцыяй гараджан і турыстаў.
Тут жа адкрыецца выстава гістарычных фотаздымкаў горада і прадпрыемстваў, падрыхтаваная з фондаў музея і арганізацый. Не меншую ўвагу ўдзельнікаў свята прыцягнуць выставы кампазіцый з агародніны і садавіны, работ майстроў народнай творчасці, а таксама дэманстрацыя спартыўных аўтамабіляў удзельнікаў трэцяга этапу чэмпіянату Беларусі па джып-трыяле, які адкрыецца ў Лепелі ў гэты ж дзень.
Усе жадаючыя змогуць прыняць удзел у творчых і спартыўных спаборніцтвах, наведаць гасцінныя падворкі сельскіх саветаў, атрымаць асалоду ад выступленняў творчых калектываў раёна або паназіраць за працай народных майстрых, якія ўдзельнічаюць у конкурсе "Матчыны кросны". Увечары ўсеагульную ўвагу прыцягне феерверк.
Разам з культурна-забаўляльнымі мерапрыемствамі праграма свята ўключае правядзенне інвестыцыйнага форуму, у якім прымуць удзел усе прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Так, на разгляд патэнцыйных інвестараў будуць прапанаваны праекты па будаўніцтве гасцініцы ў Лепелі, тэхнічным пераўзбраенні мясцовага электрамеханічнага завода, арганізацыі разліву пітной вады.-0-
БЕЛТА
Лепель адсвяткуе Дзень горада народнымі гуляннямі і з'яўленнем новага жыхара
8.9.20110 праглядаў