Цырымонія ўзнагароджання работнікаў галіны жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія дасягнулі высокіх поспехаў у прафесійнай дзейнасці, прайшла ў зале Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў.

Сярод узнагароджаных – кіраўнік КУВП “Бароўка” Балотнік Андрэй Леанідавіч. Наш зямляк узнагароджаны Нагрудным знакам “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”.

Напярэдадні Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Міністр ЖКГ Генадзь Аляксеевіч Трубіла падзякаваў узнагароджаных работнікаў за высокі прафесіяналізм і адданасць справе, адзначыўшы, што праца кожнага з іх з'яўляецца фундаментам камфортнага жыцця мільёнаў беларусаў.

Андрэй Леанідавіч Балотнік пачынаў сваю працоўную дзейнасць у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі на пасадзе старэйшага майстра ўчастка кацельняў і цеплавых сетак у 2008 годзе.

– Кіраўніку важна не толькі займаць пасаду, але і ўкладваць у сваю справу душу: клапаціцца пра людзей, браць на сябе адказнасць, прымаць часам рашэнні, ад якіх у далейшым будзе залежаць развіццё прадпрыемства і функцыянаванне калектыву, весці сваю каманду за сабой. Кіраўнік, як капітан карабля, не толькі патрабуе добры вынік працы, але і стварае ўмовы для яго дасягнення, – дзеліцца сакрэтамі свайго поспеху Андрэй Леанідавіч.

Дарэчы, фота работніцы па комплекснай уборцы і ўтрыманні домаўладанняў КУВП “Бароўка” Паповіч Алены Мікалаеўны ўпрыгожвае выставу “У фокусе жанчыны ЖКГ” у Рэспубліканскім Палацы культуры Прафсаюзаў.