Жыхарка Лепеля Таіса Яско прайшла кастынг і ўвайшла ў лік удзельнікаў новага сезона папулярнага экстрым-шоу «Героі. Эвалюцыя»! 32-гадовая Таіса працуе ўрачом-анестэзіёлагам-рэаніматолагам у Цэнтральнай раённай бальніцы, але, акрамя прафесійных дасягненняў, яна актыўна захапляецца спортам і творчасцю.

Таіса займаецца плаваннем, катаецца на каньках і лыжах, а таксама грае на скрыпцы і захапляецца вышыўкай. Яе любімыя віды спорту — хакей і тэніс.

Мэта Таісы ў праекце — стаць больш спартыўнай і даказаць, што нават у складаных умовах можна пераадолець сябе. Яе дэвіз: «Пакуль дыхаю — спадзяюся».

Лепяльчанка ўжо рыхтуецца да выпрабаванняў, якія чакаюць яе ў шоў, і мы ўпэўнены, што яе мэтанакіраванасць, разнастайныя таленты і аптымізм дапамогуць ёй годна прайсці ўсе этапы праекта. Пажадаем Таісе ўдачы і будзем хварэць за нашу зямлячку!