Сродкі, якія збіраліся восенню сумеснымі намаганнямі па ўсёй краіне, пайшлі не толькі на фарміраванне гуманітарнага грузу для жыхароў Курскай вобласці і новых рэгіёнаў Расіі, але і на пуцёўкі для дзяцей-сірот, чые бацькі загінулі падчас баявых дзеянняў, а таксама дзяцей, якія выхоўваюцца ў школах-інтэрнатах.

  -Маштабная дабрачынная акцыя «Спіна да спіны» працягваецца. Сёння ў Мінску мы сустрэлі 40 дзяцей з ДНР, якія прыехалі да нас на аздараўленне. Найбліжэйшыя два тыдні хлопцы правядуць у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Жамчужына» ў Лепельскім раёне, — расказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідар «Белай Русі» Алег Раманаў.

  Начальнік прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Сняжана Цітова нагадала: - Хлопцы з Данбаса, якія адпачывалі ў «Жамчужыне» ў жніўні, да гэтага часу падтрымліваюць з намі сувязі. Прыемна, што ім спадабалася ў Беларусі.

  Дзяцей чакае не толькі аздараўленне, але і насычаная культурна-забаўляльная праграма. Набліжаецца Новы год, і будзе зроблена ўсё, каб час, праведзены ў Беларусі, быў для нашых маленькіх гасцей радасным, шчаслівым і запамінальным!