Лепельскія аграрыі актыўна ўзяліся за ўборку азімага рапсу. На адным з палёў ААТ «Лепельаграсэрвіс» заўважаем збожжаўборачныя камбайны, якія адзін за адным рухаюцца па рапсавым полі

За штурваламі камбайнаў адказныя і разумеючыя свае задачы механізатары з дапаможнага сельгас участку ААТ Мінскі завод шасцярэнь «Караевічы», а таксама вайсковец і ветэран працы, які знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Як адзначаюць працаўнікі, у гарачую пару яны заўсёды гатовыя падставіць плячо. Бо галоўнае, каб ураджай з палёў быў убраны своечасова.

Для ўдзельнікаў жніва створаны максімальна камфортныя ўмовы. Прама на палях для іх арганізавана харчаванне. Захоўваюцца тэмпературны і пітны рэжымы, каб падтрымліваць высокую прадукцыйнасць працы.

У працы механізатараў цэніцца кожная хвіліна. Важна, каб надвор'е не падвяло, таму што людзі і тэхніка да жніва гатовыя.