Лепельскі краязнаўчы музей у пяты раз сабраў для выступлення на навукова-практычнай канферэнцыі «Лепельскія чытанні» зацікаўленых гісторыяй нашага краю, якія вывучаюць яе і вядуць навуковыя распрацоўкі.

Лепельскі краязнаўчы музей у пяты раз сабраў для выступлення на навукова-практычнай канферэнцыі «Лепельскія чытанні» зацікаўленых гісторыяй нашага краю, якія вывучаюць яе і вядуць навуковыя распрацоўкі.

На адкрыцці з прывітальным словам выступіў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін і дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Генадзь Савіцкі. Прагучала дваццаць пяць дакладаў, па рэгламенце на кожны адводзілася дзесяць-дванаццаць хвілін.

Першым прадставіў сваю працу «Новыя даныя па каменным і бронзавым вяках Лепельшчыны» старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі. Запомнілася выступленне мясцовага краязнаўцы Валерыя Тухто па тэме: «Поўны Георгіеўскі кавалер – Дамінік Канапка», які прывёў успаміны героя, суаднясенне даты і некаторыя гістарычныя факты, зрабіў здагадкі, што зыходныя даныя могуць быць памылковымі. Падрабязна выклаў біяграфію георгіеўскага кавалера, прывёў невядомыя шырокай публіцы моманты жыцця Дамініка Вікенцьевіча. Напрыклад, будучы католікам, пабываў у Ватыкане і прыняў благаславенне самога Папы Рымскага. Знаходзячыся ў пажылым узросце, і маючы агарод у пяцьдзесят сотак, ніколі не апрацоўваў яго конем, толькі лапатай. Пра ўсё гэта і многае іншае можна прачытаць у нядаўна выдадзеным навукова-папулярным выданні «V Лепельскія чытанні», якое змяшчае матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі.

Загадчыца аддзела фалькларыстыкі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі Таццяна Валодзіна, чые карані з вёскі Сушы, выступіла з дакладам «Лес у традыцыйным светаўспрыманні беларусаў Лепельшчыны». Нездарма ў фальклоры, міфалогіі, абрадавай практыцы выключнае месца займае менавіта лес – ён пакрывае значную частку тэрыторыі краіны і сорак два працэнты тэрыторыі нашага краю.

Доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў прадэманстраваў аўдыторыі карту горада Новы Лепель з бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, якая знаходзіцца ў фондзе «Рукапісныя планы і чарцяжы». Па аналізе паперы, чарнілаў і стылю пісьма зроблена выснова, што час стварэння карты адносіцца да пачатку васемнаццатага стагоддзя. Аснова планіроўкі горада захавалася да сённяшняга дня, а некаторыя вуліцы дакладна супадаюць з сучаснай картай.