Чырвона-зялёныя гальштукі змянілі значкі і білеты – гэта значыць, што дзеці сталі старэйшымі і развіталіся з дзяцінствам. Цяпер іх чакае чарада новых магчымасцей і дасягненняў. Рады моладзевай арганізацыі БРСМ папоўнілі каля 50 жыццярадасных, мэтанакіраваных і ініцыятыўных навучэнцаў 8-х класаў Лепельскага раёна. Урачыстая цырымонія сабрала школьнікаў у раённым Доме культуры.
Адзначым, цырымонія развітання з піянерскім гальштукам – гэта новая форма ўзаемадзеяння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з акцэнтам на пераемнасць.
Сёлета падзея праходзіць асабліва ўрачыста, бо піянерскі рух у Беларусі адзначае сваё 35-годдзе. Гэта яркая гісторыя мільёнаў лёсаў, тысячы добрых спраў і сапраўднай дружбы. Сёння БРПА – гэта адно з самых буйных дзіцячых аб'яднанняў у краіне, якое аб'ядноўвае звыш 600 000 дзяцей! Цэлы горад актыўных, ініцыятыўных і творчых асоб. У Лепельскім раёне ў піянерскі рух уцягнуты больш за 2000 дзяцей.
У лік тых, хто прыняў удзел сёння ў цырымоніі, увайшлі актыўныя піянеры і іх педагогі, якія на працягу некалькіх гадоў прымалі ўдзел у дзейнасці Лепельскай раённай піянерскай арганізацыі: актыўна працавалі ў сваіх дружынах, адказна выконвалі піянерскія даручэнні, перамагалі ў конкурсах і праектах. Актывістам уручылі ўзнагароды.
Цырымонію правяла старшыня Лепельскага раённага савета грамадскага аб'яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» Вольга Якубовіч. Са сцэны прагучала шмат важных слоў у адрас піянераў, якія нагадалі дзецям пра ролю грамадскага аб'яднання.
Самы ўрачысты момант – развітанне з гальштукам і ўступленне ў рады БРСМ.
Ад імя моладзевага аб'яднання Лепельшчыны наваспечаных членаў грамадскага аб'яднання «БРСМ» павіншавала Кацярына Бараноўская. Яна таксама нагадала, што найбуйнейшае моладзевае аб'яднанне краіны рэалізуе тысячы праектаў і акцый, якія дазваляюць моладзі знайсці свае моцныя бакі, праявіць таленты. Актывісты ГА «БРСМ» займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, аказваюць дапамогу пажылым людзям, дзецям, удзельнічаюць у розных грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах, конкурсах, атрымліваюць першы працоўны досвед у студатрадах.