Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр "Жамчужына" ў Лепельскім раёне мае намер у 2020 годзе павялічыць колькасць дзяцей, якія праходзяць аздараўленне па пуцёўках Саюзнай дзяржавы, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар цэнтра Вера Закрэўская.

Сёлета паправіць сваё здароўе па лініі Саюзнай дзяржавы ў здраўніцы змаглі 280 дзяцей з Бранскай, Калужскай, Тульскай абласцей Расіі і Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей Беларусі. Плануецца, што ў 2020 годзе ў цэнтр прыедзе на 100 дзяцей больш.

"З 2004 года "Жамчужына" з'яўляецца адным з пастаянных выканаўцаў праграмы Саюзнай дзяржавы па арганізацыі лячэння і аздараўлення дзяцей з раёнаў Беларусі і Расіі, якія найбольш пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. За гэты час наш цэнтр напрацаваў велізарны вопыт аказання прафілактычнай і лячэбна-аздараўленчай дапамогі дзецям, створана магутная матэрыяльна-тэхнічная і медыцынская база, што дазваляе праводзіць комплексную рэабілітацыю дзяцей і падлеткаў па індывідуальных праграмах", - падкрэсліла кіраўнік цэнтра.

Касаючыся запатрабаванасці лепельскай здраўніцы, Вера Закрэўская адзначыла, што на працягу апошніх гадоў "Жамчужына" стала пастаянным месцам правядзення цэлага шэрагу расійскіх адукацыйных праектаў, звязаных з алімпіядным рухам. Напрыклад, цяпер з лістапада па снежань па чатырох такіх праграмах цэнтр прыме каля 800 дзяцей. 370 з іх - удзельнікі міжнароднай алімпіяды па эксперыментальнай фізіцы з шасці краін. Алімпіяда пройдзе ў "Жамчужыне" з 23 па 30 лістапада. Наступны год таксама ўжо амаль цалкам распісаны.

"Вельмі важна, што акрамя індывідуальнай праграмы па аздараўленні і лячэнні дзеці падчас свайго знаходжання актыўна знаёмяцца з Беларуссю. Для іх арганізуюцца паездкі ў Белавежскую пушчу, Брэсцкую крэпасць, Полацк, на БелАЗ", - адзначыла Вера Закрэўская.