З 2022 года краязнаўчы музей размяшчаецца ў адрэстаўраваным будынку 1897 года пабудовы. Сама ж установа мае больш за 70-гадовую гісторыю і была створана паводле рашэння Савета Міністраў БССР 4 лістапада 1953 года. Сёння фонды музея налічваюць больш за 30 тысяч прадметаў.
Новая пастаянная экспазіцыя распавядае пра гісторыю і культуру Лепельшчыны ў розныя перыяды. Цяпер актыўна ідзе праца па запаўненні інтэрактыўных экранаў, якіх у музеі налічваецца 10 шт.
Так, многія лепельчане ў школьнай зале пасядзелі за драўлянай партай, узгадваючы школьныя гады і праглядаючы віртуальны школьны альбом. На інтэрактыўнай панэлі можна паглядзець фотаздымкі, пачынаючы з 1917 года, гісторыю стварэння школ, фота выпускнікоў, унікальныя адукацыйныя дакументы і многае іншае.
У экспазіцыі «Музей фатаграфіі» – мноства экспанатаў, прысвечаных гісторыі фотасправы на Лепельшчыне, а таксама эвалюцыі фотаапаратаў.
У цэлым, музей адыгрывае актыўную ролю ў захаванні і перадачы культурнай спадчыны, фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці і духоўнага развіцця грамадства. Гэта месца, дзе людзі сустракаюцца з гісторыяй і мастацтвам, спадчынай нашых продкаў.
За 2025 год з пастаяннай экспазіцыяй музея пазнаёміліся больш за 7 тысяч чалавек. Штогод у музеі праходзіць каля 20 выставак.
30 кастрычніка ў 16 раз адбудзецца адкрыццё традыцыйнай выставы «Фарбы Лепельшчыны». Першая выстава прайшла ў кастрычніку 1993 года. За мінулыя 32 гады яе ўдзельнікамі былі каля 100 мастакоў і прадстаўлена больш за 1 тысячу карцін.
Захаваннем гэтай спадчыны і яе прэзентацыяй займаецца калектыў супрацоўнікаў Лепельскага раённага краязнаўчага музея.
Сёлета калектыў музея папоўніўся двума маладымі спецыялістамі, якіх калектыў сардэчна прыняў (мастак-афармляльнік і малодшы навуковы супрацоўнік), якіх чакае займальная праца па вывучэнні мінулага Лепельшчыны.
Лепельскі раённы краязнаўчы музей – гэта ўстанова, якая збірае, вывучае і захоўвае помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, а экспазіцыя – асноўная форма работы, якая прадстаўляе яго калекцыі ў пэўным парадку.
13.10.20250 праглядаў