Штогод у здраўніцу прыязджаюць тысячы беларусаў і жыхароў суседніх краін

Ці падабаецца ім гэтае месца, можна даведацца па водгуках, якія пакідаюць адпачывальнікі пасля аздараўлення на лепельскай зямлі.

Так, у рэдакцыю раённай газеты звярнулася жыхарка Мінска. Нядаўна яна завяршыла свой адпачынак у ваенным санаторыі і спяшаецца падзяліцца сваімі ўражаннямі ад знаходжання ў гэтым выдатным месцы.

У лісце гаворыцца: “Часта сюды прыязджаюць ледзь перасоўваючыся на нагах. Розныя захворванні не дазваляюць ім паўнавартасна адчуваць смак да жыцця. Але праходзіць тыдзень, другі і ты не пазнаеш гэтых людзей. Да іх вяртаецца здароўе. Яны апранаюць прыгожыя ўборы і выходзяць на танцпол… І па-сапраўднаму танцуюць! У іх танцы і жыццё, і натхненне, і любоў! А рухі, радасць у вачах, і нават азарт, выклікаюць захапленне. А з раніцы заўважаеш, як бадзёра яны перасоўваюцца да лячэбнага корпуса, каб прыняць усе, прызначаныя ўрачом, працэдуры. Медперсонал даглядае кожнага, як дзіця. Атмасфера спакойная, якая спрыяе некаторым нават сну. Часта чую ў размове словы падзякі лекарам, медсёстрам, абслуговаму персаналу:

Божа мой, якая ласка! Мне не патрэбна мая палачка-выручалочка. Я перасоўваюся на сваіх нагах без яе дапамогі. Як зашкальвала ў мяне ціск, як было дрэнна, а цяпер часам забываю выпіць лекі, што прызначылі мне для яго рэгулявання.

Я ўжо дзявяты раз тут і ні аб чым не шкадую. Як кажуць, здароўе важней за грошы. Тысячы і тысячы хворых прыязджаюць у Лепельскі ваенны санаторый з надзеяй. Што ім вернуць энергію, бадзёрасць, а болі, хоць на нейкі час, змоўкнуць. І на самой справе адбываецца, здавалася б, неверагоднае: адступаюць хваробы, а вяртаюцца зноў настрой, смех, усмешкі і нават лёгкая грайлівасць. Тут можна было б паставіць кропку і сказаць: «Як хочацца жыць! Чароўны край азёр, магутных елак і соснаў, з незабыўным водарам, што вітае ў паветры, назаўжды запаўняе душу гукамі Лепельскай рапсодыі». Але гэта будзе недамоўка пра тое, хто яшчэ прыўносіць музычныя ноты аздараўлення ў легендарным санаторыі, размешчаным у найпрыгажэйшым месцы Беларусі. З кафэ пад назвай «Нон-стоп» чуваць моцны голас спявачкі. Міжволі заходзіш у памяшканне і ўслухоўваешся ў песню, якую яна спявае. Словы, што кранаюць сэрца, нікога не пакідаюць абыякавымі. Хтосьці незаўважна змахвае слязу, а камусьці, проста, хочацца запрасіць каго-небудзь на танец. Наташа, так звалі спявачку, аказалася гаспадыняй гэтай мілай і ўтульнай установы. Калі я пазнаёмілася яшчэ і з мясцовымі, з вёскі Бароўка, яны ў адзін голас цвердзілі, што для іх няма месца лепш для адпачынку, чым санаторнае кафэ «Нон-стоп». Мне здалося, як выдатна, што прыгожая музыка разліваецца паўсюль на маленькім паўвостраве ў Лепельскім краі, дзе людзі ў белых халатах вяртаюць хворым самае каштоўнае на Зямлі – гэта, вядома, Здароўе!

Таццяна Немчынава, журналіст і пісьменнік Рэспублікі Беларусь.

P.S. З святам, з пераможным 9 Мая, мае новыя сябры з Мінска, Гомеля, Стоўбцаў, Калінкавічаў, Крычава… Разам парадуемся за нашу святочную Беларусь!”

Мінск, май, 2025 год.