Даведалася, што лепельскай моладзі выпала магчымасць паўдзельнічаць у міжнароднай бізнес-гульні «Пачатковец фермер».

Даведалася, што лепельскай моладзі выпала магчымасць паўдзельнічаць у міжнароднай бізнес-гульні «Пачатковец фермер». Папрасіла пра гэта больш падрабязна расказаць першага сакратара РК ГА «БРСМ» Вікторыю Пшонка.

— Да ўдзелу запрашаюцца каманды да пяці чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года з ліку школьнікаў, якія пражываюць на вёсцы, навучэнцаў і студэнтаў устаноў адукацыі аграрнага профілю, маладых спецыялістаў аграрнага сектара, а таксама прадпрымальнікаў, занятых у сферы аграпрамысловага комплексу. Бізнес-ідэі могуць быць прысвечаны жывёлагадоўлі, раслінаводству, сельскагаспадарчай кааперацыі, агратурызму і ландшафтнаму дызайну. Таксама можна выбраць вольную тэму. Для ўдзелу дастаткова адправіць заяўку на адрас тэрытарыяльных камітэтаў саюза моладзі, — кажа Вікторыя Віктараўна.

Аказваецца, гульня ўключае абласны, нацыянальны і міжнародны этапы. Абласны этап пройдзе ў завочным фармаце да 25 мая. Міжнародны вочны этап з абаронай праектаў перад экспертным саветам адбудзецца ў адным з рэгіёнаў Расіі. Удзельнікі гульні атрымаюць ацэнку сваіх праектаў, пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Плануецца, што іх запросяць на стажыроўкі ў краінах-удзельніцах — Беларусі, Расіі, Кыргызстане, Казахстане, Арменіі.

Інтэлектуальная бізнес-гульня спрыяе развіццю ў сельскай моладзі навыкаў бізнес-планавання, выпрацоўцы кіраўніцкіх рашэнняў і ўменню працаваць у камандзе.

У Беларусі арганізатарам гульні выступае БРСМ пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Кансультатыўную дапамогу па правядзенні гульні аказвае Расійскі саюз сельскай моладзі.

Гутарыла Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.