6 кастрычніка, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына не выключае рэгістрацыі на выбарах больш за чатыры кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Пра гэта яна заявіла сёння, уручаючы першае пасведчанне міжнароднага назіральніка на выбарах Прэзідэнта Беларусі кіраўніку місіі назіральнікаў СНД Сяргею Лебедзеву, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На думку кіраўніка Цэнтрвыбаркама, цяперашняя выбарчая кампанія па выбарах Прэзідэнта параўнальная па актыўнасці з кампаніямі 2001-га і 1994 гадоў, калі подпісы для вылучэння кандыдатаў збіралі 18 ініцыятыўных груп. Разам з тым, ЦВК Беларусі яшчэ ніколі не рэгістраваў больш за чатыры кандыдатаў у прэзідэнты. Аднак, улічваючы, што сёлета вельмі актыўна ідзе збор подпісаў, у тым ліку падчас пікетаў, якіх вельмі шмат арганізавана ў Мінску, Лідзія Ярмошына не выключае, што будзе зарэгістравана больш за чатыры кандыдаты ў прэзідэнты. У цэлым кампанія па зборы подпісаў ідзе спакойна, афіцыйных заяў і зваротаў з нагоды парушэнняў у ЦВК не паступала. "Ёсць толькі вусныя скаргі, але не аб дзяржаўных праколах. Патэнцыйныя кандыдаты не заўсёды знаходзяць агульную мову з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, побач з якімі збіраюць подпісы", - адзначыла Лідзія Ярмошына, дадаўшы, што праверцы Цэнтрвыбаркама падвяргаюцца нават скаргі, выказаныя праз Інтэрнэт.-0-

БЕЛТА