20 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Добры ўраджай чорнаплоднай рабіны плануюць сабраць сёлета восенню лясгасы Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер пабочнага карыстання лесам і падсобнай сельскай гаспадаркай Віцебскага абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (АВЛГА) Алег Грыцкевіч. Плантацыі чорнаплоднай рабіны закладзены ў Бегамльскім, Лепельскім, Лёзненскім, Суражскім, Глыбоцкім (па 0,5 га) і Аршанскім (3 га) лясгасах. 14 т пладоў з 7 га ўжо сабрана. З астатніх плошчаў плануецца атрымаць яшчэ каля 10 т. Пры гэтым выручка за атрыманы ўраджай чакаецца лясгасамі ў аб'ёме каля Br70 млн. Завяршыць збор пладоў намечана да 25 верасня. Ураджай чорнаплоднай рабіны здаецца лясгасамі на кансервавыя і вінаробныя заводы вобласці. "Прадукцыя карыстаецца попытам, таму ў наступныя гады плануецца закласці новыя плантацыі ў лясгасах, якія яшчэ не займаліся культываваннем гэтага кустарніка", - адзначыў Алег Грыцкевіч. Акрамя чорнаплоднай рабіны лясгасы вобласці таксама займаюцца развядзеннем іншых культур. Так, Богушэўскі лясгас сабраў сёлета летам 70 кг клубніц, якія рэалізаваў насельніцтву. Лёзненскі і Глыбоцкі лясгасы сушаць па 500 кг шыпшыны для здачы на вінзаводы вобласці. Першы ўраджай вешанак сабралі сёлета Лепельскі, Суражскі і Лёзненскі лясгасы.-0-

БЕЛТА