30 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лясгасы Віцебскага абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання рэалізавалі навагодніх дрэў на Br1,1 млрд., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер пабочнага карыстання лесам і падсобнымі сельскімі гаспадаркамі ВВАЛ Алег Грыцкевіч.
Елачныя базары стартавалі ў рэгіёне 17 снежня. Усяго на раніцу 30 снежня падчас іх правядзення, а таксама непасрэдна лясніцтвамі было рэалізавана 35 тыс. елак і 1 тыс. соснаў. Яшчэ каля 5 тыс. дрэў плануецца прадаць 30-31 снежня, расказаў Алег Грыцкевіч. Ён адзначыў, што пік актыўнасці перадсвяточных распродажаў елак і соснаў прыйшоўся на мінулыя выхадныя і апошнія перадсвяточныя дні. Так, у Віцебску сёння праводзіцца пашыраны распродаж, у якім удзельнічаюць Віцебскі, Шумілінскі, Глыбоцкі, Суражскі, Лёзненскі, Лепельскі, Талачынскі, Бегамльскі, Ушацкі і Полацкі лясгасы. Для дастаўкі навагодняга грузу жыхарам абласнога цэнтра было задзейнічана больш за 30 грузавых машын. Апошні шанец набыць галоўны атрыбут Новага года - раніца 31 снежня.
Значная праца праведзена ў вобласці па прадухіленні незаконных высечак дрэў. Сіламі работнікаў лясной гаспадаркі і супрацоўнікаў міліцыі на аўтадарогах арганізаваны 52 пасты, праверана звыш 1,7 тыс. машын. Акрамя таго, супрацоўнікі лясной аховы правялі ў лясах 229 рэйдаў, у тым ліку 116 сумесна з прадстаўнікамі праваахоўных, падатковых органаў, абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і іншых зацікаўленых ведамстваў. Выяўлена 25 выпадкаў незаконнай высечкі навагодніх дрэў у Докшыцкім, Віцебскім, Верхнядзвінскім, Лёзненскім, Полацкім, Пастаўскім і Талачынскім раёнах. Усе парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці з накладаннем штрафу.-0-
БЕЛТА
Лясгасы Віцебскай вобласці рэалізавалі навагодніх дрэў на Br1,1 млрд.
30.12.20110 праглядаў