25 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лясгасы Віцебскай вобласці завершаць нарыхтоўку бярозавіку на бягучым тыдні, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер пабочнага карыстання лесам і падсобнай сельскай гаспадаркай Віцебскага абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (ВВАЛГА) Алег Грыцкевіч. Нарыхтоўка вясновага напою вядзецца ў самым паўночным рэгіёне краіны з канца сакавіка. За гэты час лясгасы вобласці нарыхтавалі 2,2 тыс. т соку пры плане 2,5 тыс. т. Лідэрамі сёлеташняй вясной з'яўляюцца Глыбокскі і Бегамльскі (Докшыцкі раён) лясгасы, на рахунку якіх больш чым па 300 т соку, а таксама Дзісненскі (Міёрскі раён), Лепельскі і Пастаўскі лясгасы. У астатніх структурных падраздзяленнях ВВАЛГА нарыхтоўка вядзецца сярэднімі тэмпамі ў сувязі з зацяжным характарам вясны. Насельніцтву за мінулы перыяд рэалізавана 117 т, пры гэтым 50 т з іх - Віцебскі лясгас і 5 т праз спецыяльна арганізаваную кропку продажу Бегамльскага лясгаса на аўтадарозе Віцебск - Мінск. Дастаткова актыўна мясцовыя жыхары займаліся і самастойнай нарыхтоўкай напою шляхам звароту ў лясніцтвы, адзначыў Алег Грыцкевіч, дадаўшы, што факты самавольнай нарыхтоўкі соку сёлета супрацоўнікі лясной аховы не выяўлялі. На перапрацоўчыя прадпрыемствы Віцебскага аблспажыўсаюза, ДВА "Віцебскхарчпрам", "ААТ "САВУШКІН ПРОДУКТ", Барысаўскі кансервавы завод і Мінскі завод безалкагольных напояў лясгасы вобласці паставілі больш за 2,1 тыс. т напою. На працягу бліжэйшых дзён плануецца адправіць яшчэ каля 200-300 т. Завершыцца нарыхтоўка бярозавіку ў Віцебскай вобласці да 1 мая.-0-

БЕЛТА