17 ліпеня, Віцебск /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Леў Лешчанка лічыць сябе папулярным артыстам, а не зоркай. Аб стаўленні да гучных эпітэтаў мэтр расійскай эстрады распавёў на "Зорным часе" на фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Я лічу сябе зоркай, калі зачыняюся ў ваннай і спяваю", - пажартаваў народны артыст. "Мне агідныя эпітэты накшталт "вялікі", "геній". Хто тады Пушкін, Лермантаў, Шаляпін, Нежданава, Максакава?" - задаў ён журналістам рытарычнае пытанне. Гаворачы пра сябе і сваіх калег па творчым цэху, ён сказаў: "Мы нармальныя папулярныя артысты. А хто хоча быць зоркай - няхай ёю будзе". Разам з тым да з'яўлення імянной зоркі на Алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды "Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення" Леў Лешчанка, які мае тры расійскія ордэны "За заслугі перад Айчынай", аднёсся вельмі цёпла. "Мне прыемна атрымаць беларускую ўзнагароду. Грамадскае прызнанне важна, гэта значыць, што цябе ўзнагароджваюць не па пратаколе, не за выслугу гадоў. Мабыць, я варты таго, каб мне далі такую ўзнагароду, - сказаў ён і тут жа са смешлівай іскрай у вачах дадаў: - Мабыць, я маю права быць закачаным у зорку каля Летняга амфітэатра". У тым, што Леў Лешчанка зорнай хваробай не пакутуе, журналісты пераканаліся самі. Мабыць, упершыню за ўвесь час існавання "Зорных гадзін" на фестывалі артыст такога ўзроўню і маштабу не толькі не спазніўся, а прыйшоў на чвэрць гадзіны раней прызначанага часу. У зносінах быў просты, часта жартаваў. Нягледзячы на тое, што ўвечары ў яго канцэрт і напачатку ён прасіў асабліва не мучыць яго пытаннямі, якія патрабуюць разгорнутых адказаў, адказваў ён шчыра і поўна, а потым цярпліва даваў аўтографы.-0-

БЕЛТА