15 чэрвеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Ільготнае крэдытаванне ў Беларусі захаваецца, але яго аб'ёмы скароцяцца. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы комплекс жылой забудовы раёна Усходны ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы даручыў на працягу паўгода стварыць новую сістэму ільготнага крэдытавання насельніцтва, вызначыўшы ў ёй тыя катэгорыі грамадзян, якім будуць належаць крэдыты. Прэзідэнт лічыць, што такімі катэгорыямі будуць шматдзетныя сем'і, ваенныя, аднак аб'ём іх дзяржпадтрымкі будзе таксама розніцца. "Трэба прама гаварыць, што ў такім аб'ёме ільготна крэдытаваць мы не можам. Бясплатна жыллё мы будаваць не зможам, таму што пры цяперашняй інфляцыі, якая ўсё з'ядае за 20 гадоў, чалавек фактычна бясплатна атрымлівае кватэру. Таму бясплатнага жылля ў такім аб'ёме, як гэта было ўчора, не будзе. Не таму, што тут праблемы, складанасці і г.д. Мы занадта захапіліся, і фактычна многія людзі не думаюць аб тым, што яны самі павінны будаваць дом, кватэру і клапаціцца аб сваёй сям'і. Аб гэтым галава павінна балець перш за ўсё ў чалавека, а потым ужо - падтрымка дапамога і г.д.", - сказаў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што "сітуацыя паказала: бяздумнае кідванне грашовых сродкаў, у тым ліку ў будаўніцтва жылля, прыводзіць да падобных панік". "Ільготнае крэдытаванне, вядома ж, застанецца, але яно будзе зведзена да таго аб'ёму, які дзяржава можа вытрымаць, каб не стварыць чарговыя праблемы на рынку валютным, фінансавым, эканамічным і г.д.", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Але трэба дакладна вызначыць, каму мы будзем дапамагаць па ільготах, - адзначыў Прэзідэнт. - Тут даўно пара ўраду вызначыцца, якая падтрымка будзе сем'ям з трыма, чатырма, пяццю дзецьмі, і дакладна прапісаць гэта". "Мы не можам бяздумна, у тым ліку за кошт эмісіі, кідваць грошы ні ў будаўніцтва, ні ў сельскую гаспадарку - ва ўсе дзяржпраграмы", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду прапрацаваць дакладную сістэму аказання дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля і "не з пункту гледжання Дзеда Мароза ўсім раздаць". -0-

БЕЛТА