15 лістапада, Мінск /Крысціна Курловіч - БЕЛТА/. Ільготныя крэдыты на экстракарпаральнае апладненне муж і жонка, якія пакутуюць бясплоддзем, будуць атрымліваць з 2013 года. Пра гэта сёння падчас адкрыцця з'езда акушэраў-гінеколагаў і неанаталогаў паведаміла галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Святлана Сорока, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Наша мэта - далейшае развіццё дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. У планах будаўніцтва цэнтраў ЭКА, каб кожная пара магла адчуць радасць мацярынства і бацькоўства. Распрацаваны праект па ільготным крэдытаванні сямейных пар, якія пакутуюць бясплоддзем, для правядзення ЭКА. Да канца гэтага года праект будзе завершаны, а ў 2013 годзе бясплодныя пары ўжо змогуць атрымаць ільготны крэдыт на экстракарпаральнае апладненне", - сказала Святлана Сорока. У Беларусі 15-17% сямейных пар не могуць зачаць дзіця натуральным спосабам. Вядучы напрамак дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій - экстракарпаральнае апладненне - выкарыстоўваецца толькі пры цяжкіх, камбінаваных формах бясплоддзя, у выпадках немагчымасці натуральнага зачацця. У сярэднім у Беларусі штогод праводзіцца каля 2 тыс. цыклаў ЭКА, дзякуючы чаму ў год нараджаецца каля 700 дзяцей. Эфектыўнасць гэтага метаду складае 30-40%, а кошт - ад Br13 млн да Br20 млн. IX З'езд акушэраў-гінеколагаў і неанаталогаў Беларусі праходзіць у Мінску 15-16 лістапада. Удзельнікі дыскусіі абмяркоўваюць пытанні, якія тычацца ўдасканалення арганізацыі службы аховы мацярынства і дзяцінства, дэмаграфічных праблем, развіцця амбулаторнай і стацыянарнай акушэрска-гінекалагічнай і неанаталагічнай дапамогі, інфармацыйных і тэлемедыцынскіх тэхналогій у гэтай сферы, медыцынскай генетыкі.-0-

БЕЛТА