11 студзеня, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. У Беларусі згодна з новымі ўмовамі льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля атрымаюць 30-35% тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль, каментуючы ўказ №13 "Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў" ад 6 студзеня 2012 года. Распрацоўшчык дакумента адзначыў, што чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у мінулым годзе складала 866 тыс. чалавек. Каля 80% з іх прэтэндавалі на льготныя крэдыты. "Аднак цяпер згодна з новымі ўмовамі яны (льготныя крэдыты. - Заўвага. БЕЛТА) будуць выдавацца толькі 30-35% тых, хто мае патрэбу, гэта значыць колькасць льготнікаў у краіне зменшыцца ў 2-2,5 раза", - падкрэсліў ён. Аляксандр Горваль нагадаў, што ва ўказе захавана большасць катэгорый грамадзян, якія і раней мелі права на льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля. Да іх адносяцца ваеннаслужачыя, грамадзяне, якія маюць дзяцей-інвалідаў, інваліды з дзяцінства I і II групы, шматдзетныя сем'і, грамадзяне, якія пражываюць не менш за дзесяць гадоў у інтэрнатах, маладыя сем'і, якія маюць двух непаўналетніх, грамадзяне, якія пражываюць у ветхім і аварыйным жылым памяшканні, і іншыя. Спецыяліст дадаў, што з пераліку льготнікаў выключаны грамадзяне, якія проста адносіліся да малазабяспечаных у сілу сваіх індывідуальных сямейных даходаў. "Цяпер такія грамадзяне будуць крэдытавацца на іншых умовах - пад 31% гадавых, калі стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу, альбо па камерцыйнай стаўцы", - адзначыў начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва.-0-

БЕЛТА