Унесены змяненні ў некаторыя нарматыўныя прававыя акты – у прыватнасці, якія рэгламентуюць адказнасць за парушэнні ў сферы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Яна становіцца больш дыферэнцыраванай і лібералізуецца ў адносінах да тых, хто дапусціў негрубыя парушэнні.

Напрыклад, значна змякчана адказнасць паляўнічых за парушэнне правілаў бяспекі палявання, незаконнае нашэнне патронаў, начыненых кулямі і карцеччу. Аднак пры паўторным здзяйсненні падобных парушэнняў на працягу года паляўнічаму, як і раней, будзе пагражаць штраф да 40 базавых велічынь або пазбаўленне спецыяльнага права.

Таксама істотна змякчаны санкцыі ў дачыненні да службовых асоб паляўнічых карыстальнікаў за негрубыя парушэнні правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі, адказнасць юрыдычных асоб скасавана.

Максімальны штраф за іншыя нязначныя парушэнні правілаў зніжаны да 10 базавых велічынь, прадугледжана таксама спагнанне ў выглядзе папярэджання.

Новая рэдакцыя артыкула 15.37 КоАП уступае ў сілу з 3 жніўня 2019 года. Пачатыя і не завершаныя на гэты момант адміністрацыйныя працэсы па гэтым артыкуле будуць разглядацца з улікам больш ліберальнай рэдакцыі.

Яшчэ адна хваля лібералізацыі закране тых, хто з-за парушэнняў на паляванні будзе пазбаўлены спецыяльнага права на паляванне і, як следства, пазбавіцца права на валоданне зброяй. Калі раней звярнуцца за дазволам на захоўванне і нашэнне зброі такі чалавек мог толькі праз 3 гады, то цяпер – адразу пасля заканчэння тэрміну, на які ён быў пазбаўлены спецыяльнага права на паляванне (гэта можа быць і 3 месяцы). Наваўвядзенне прадугледжана зменамі, унесенымі ў артыкул 27 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зброі»: «Грамадзянін, у якога ануляваны дазвол у сувязі з накладаннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе пазбаўлення спецыяльнага права за парушэнне правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, мае права зноў звярнуцца за атрыманнем дазволу на тыя тыпы грамадзянскай зброі, права на якія ён меў да анулявання дазволу, пасля выканання такога спагнання альбо ўзнікнення абставін, пры якіх пастанова аб накладанні такога спагнання не падлягае выкананню».